viasna on patreon

Член Савета пры Прэзідэнце РФ аб'яўлены ў Беларусі персонай нон-грата

2011 2011-09-01T15:32:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dshibladze.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрий Джибладзе

Юрий Джибладзе

27 жніўня пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы Юрыю Джыбладзе, члену Савета пры Прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, прэзідэнту Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, беларускія памежнікі паведамілі аб тым, што яму «забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь".
Аб забароне на ўезд праваабаронцу апавясцілі супрацоўнікі беларускага Памежнага камітэта, пры гэтым не прадаставілі ніякіх пісьмовых пастаноў, не зрабілі адзнак у пашпарце. Гэты інцыдэнт адбыўся на пункце памежнага пропуску "Гудагай". Праваабаронца накіроўваўся на цягніку ў Вільню на каардынацыйную сустрэчу прадстаўнікоў Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Напярэдадні Юрый праводзіў у Менску сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Джыбладзе актыўна працуе ў Камітэце міжнароднага кантролю па некалькіх напрамках.
Цягнік быў затрыманы на мяжы на паўгадзіны. Памежнікі паведамілі начальству па рацыі аб тым, што на пасажыра маецца «арыенціроўка», пасля чаго пашпарт Джыбладзе быў вынесены ў будынак пагранічнага пункта са словамі «цяпер мы будзем з Вамі разбірацца». Расейскага праваабаронцу падрабязна распытвалі пра тое, калі і адкуль ён прыбыў у Беларусь, і правялі дбайны паўторны дагляд яго асабістых рэчаў. «Яны прыкметна нерваваліся», - распавёў Юрый Джыбладзе. «Магчыма, мяне наогул не павінны былі пускаць у краіну, і, выявіўшы, што, я заехаў з Расіі і спакойна прабыў у Менску два дні, памежнікі асцерагаліся наганяю ад высокага начальства». Не знайшоўшы ніякага «кампрамату», памежнікі абвясцілі аб уключэнні Джыбладзе ў «чорны спіс», адмовіўшыся паведаміць яму пра тое, калі было прынята рашэнне аб забароне на ўезд і на які тэрмін.

Раней, 4 траўня 2011 г., Юрый Джыбладзе затрымліваўся ў Менску супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Ён павінен быў выступаць на прэс-канферэнцыі ў Праваабарончым цэнтры "Вясна" з прэзентацыяй даклада Камітэта міжнароднага кантролю з прававым аналізам падзеяў 19 снежня. Тады пасля знаходжання ў аддзяленні міліцыі расійскі праваабаронца быў адпушчаны, хоць некалькі затрыманых разам з ім калегаў з Расіі і Украіны атрымалі апавяшчэнне аб неабходнасці пакінуць краіну ў 24 гадзіны і забароне на ўезд на працягу двух гадоў. Верагодна, што рашэнне аб забароне на ўезд члена расійскага Прэзідэнцкага Савета ў Беларусь было прынята яшчэ тады, аднак па палітычных меркаваннях яго не апублікавалі.

"Для мяне відавочна, што забарона ўезду напрамую звязана з маёй законнай прафесійнай праваабарончай дзейнасцю. Я разумею, што дзяржавы пакідаюць за сабой права не пускаць людзей на сваю тэрыторыю па меркаваннях бяспекі. Але ў Беларусі гэты механізм абсалютна непразрысты - незразумела, хто прымае рашэнне і як яго аспрэчваць, што супярэчыць нормам міжнароднага права. Улічваючы, што памежнага кантролю паміж Расіяй і Беларуссю няма, расійскія грамадзяне, унесеныя ў забароненыя спісы, не ведаюць пра гэта і фактычна падпадаюць пад санкцыі Крымінальнага кодэксу ў выпадку прыезду ў краіну. А ўвогуле, у Беларусі ёсць абавязацельствы ў рамках ААН і АБСЕ па заахвочванні і абароне дзейнасці праваабаронцаў, а таму забараняць ім ўезд - прамое парушэнне міжнародных нормаў і верх цынізму ", - каментуе сітуацыю, якая склалася сам Юры Джыбладзе.

З пачатку 2011 года Савет пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека неаднаразова выказваў сваю занепакоенасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, у лютым - у заяве аб парушэнні правоў чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў і ў сакавіку - у сувязі з паўторнымі выпадкамі выправаджэння расійскіх праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, якія ажыццяўляюць праваабарончую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У пачатку жніўня старшыня Савета Міхаіл Фядотаў заявіў, што праблема існавання ў Беларусі «чорных спісаў», у якія трапляюць расейскія праваабаронцы, будзе з'яўляцца адной з прыярытэтных тэм работы сумеснай кантактнай групы па развіццю грамадзянскага грамадства ў РФ і Беларусі, у склад якой таксама ўваходзіць Юрый Джыбладзе.

Пачынаючы з сакавіка 2011 года яшчэ 10 чалавек - грамадзян Расіі і Украіны, якія ўдзельнічаюць у рабоце Камітэта, у тым ліку кіраўнік яго Міжнароднай назіральнай місіі, дырэктар па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы Андрэй Юраў, былі дэпартаваны з Беларусі альбо не дапушчаныя ў яе, атрымаўшы забарону на ўезд у краіну на некалькі гадоў. Амаль усе запыты ў МЗС РБ па дадзеным пытанне засталіся без адказу з беларускага боку.

"Улады Рэспублікі Беларусь у пытаннях забароны ўезду перасягнулі ўсе рамкі. Відавочна, што яны бачаць пагрозу ў міжнародным кантролі за станам правоў чалавека ў сваёй краіне. Для прадстаўнікоў расейскіх уладаў павінна быць ясна, што ўжо не ідзе ніякай гаворкі пра добрасуседскія адносіны, калі забараняюць ўезд члену Прэзідэнцкага Савета РФ. Сама сітуацыя абсурдная, бо РФ і Рэспубліка Беларусь фармальна ўваходзяць у так званую Саюзную дзяржаву. З гэтага вынікае, што і юрыдычна, і фактычна мяжы паміж Беларуссю і Расіяй няма, ёсць толькі ўяўная лінія на карце ", - лічыць Андрэй Юраў.
Па вяртанні ў Маскву Юрый Джыбладзе заявіў, што будзе рабіць афіцыйны запыт уладам Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем даць інфармацыю аб прычынах забароны на ўезд і абскарджаннем гэтага рашэння і разлічвае на адпаведную рэакцыю расейскага МЗС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства