Калектыўная скарга ў ААН на Гомельскі гарвыканкам
Актывісты незалежнага прафсаюза РЭП паскардзіліся на Гомельскі гарвыканкам у ААН. Праваабаронцы перакананыя, што гарадскія ўлады шматразова парушылі права грамадзянаў на свабоду сходаў, неабгрунтавана адмаўляючы ў правядзенні мірных мітынгаў у паўмільённым абласным цэнтры.
Прававы інспектар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка патлумачыў матывы звароту ў ААН тым, што ўнутры Беларусі былі вычарпаныя ўсе законныя магчымасці абароны інтарэсаў і правоў дыскрымінаваных грамадзян:
- Мы ставім пытанне аб тым, каб Камітэт ААН па правах чалавека пры разглядзе нашай скаргі рэкамендаваў ураду Беларусі прывесці рашэнне Гомельскага гарвыканкама аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Нагадаю, што менавіта гэтым неканстытуцыйным рашэннем на грамадзян накладаюцца дадатковыя абавязальніцтвы па заключэнні дамоваў з органамі міліцыі, медыцыны і санітарнай уборкаю гораду. Гэтым жа рашэннем усталявана адзінае месца ў паўмільённым горадзе для правядзення масавых акцый.
У калектыўнай скарзе сябры прафсаюзу РЭП звяртаюць увагу Камітэта па правах чалавека ААН таксама на парушэнне іх права на справядлівы, незалежны і аб’ектыўны суд.