Баранавічы: гарадскі суд традыцыйна на баку міліцыі
30 жніўня 2011 года Баранавіцкі раённы (гарадскі) суд пакараў грамадскага актывіста Аляксандра Вайцешыка нібыта за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі падчас выканання ім службовых абавязкаў (артыкул 23.4 КаАП). Суддзя Сяргей Данільчык прысудзіў актывісту грашовы штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 000 руб.).
27 ліпеня прыйшоўшага дахаты Аляксандра Вайцешыка ўжо чакаў невядомы ў цывільным. Як потым высветлілася, ім аказаўся маёр міліцыі Аляксандр Пахановіч, які хацеў другі раз зняць у Вайцешыка адбіткі пальцаў. Маці пацярпелага неабачліва адкрыла дзверы, а невядомы, без яе дазволу, уварваўся ў кватэру. На запыт, хто ён такі, незнаёмец адказаў, што пытанні тут будзе задаваць ён. У адказ на гэта Аляксандр Вайцешык паведаміў незнаёмцу, што ён ідзе выклікаць міліцыю і тэлефанаваць у пракуратуру.
Калі Аляксандр Вайцешык пачаў выходзіць з кухні, незнаёмец напаў на яго і стаў закручваць рукі і наносіць удары. Па выніках судмедэкспертызы Вайцешыку было нанесена 22 удары па галаве і корпусу. У сваю чаргу маёр міліцыі Аляксандр Пахановіч даводзіў суду, што яму Вайцешык нанёс 5 удараў.
Нягледзячы на тое, што трое сведкаў падцвердзілі праўдзівасць словаў і дзеянняў Аляксандра Вайцешыка, баранавіцкі гарадскі суд традыцыйна падтрымаў бок праваахоўных органаў.