viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: побыт за кратамі

2011 2011-09-01T10:20:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialacki_vybary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арыштаваны старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі імкнецца як мага больш прадуктыўна выкарыстоўваць час, які ён вымушаны праводзіць за кратамі. Праваабаронца шмат чытае, займаецца англійскай мовай, робіць фізічныя практыкаваньні і піша мемуары пра згуртаваньне маладых літаратараў “Тутэйшыя”, адным з заснавальнікаў якога ён быў.

“Тут болей няма чаго і рабіць, як лісты чытаць і пісаць самому (што не рабіў ужо гадоў 15). У мяне ўсё добра. Уцягнуўся ў тутэйшае жыцьцё збольшага, гляджу тэлевізар (тут два каналы бярэ), вучу (падвучваю) ангельскую, чытаю”,- напісаў Алесь Бяляцкі ў адным са сваіх лістоў на волю.

У іншым лісьце праваабаронца адзначае, што бібліятэка ў СІЗА “на дзіва, не такая і благая”. “Нават на наступны раз я беларускія кніжкі замовіў. Іх тут развозяць двойчы на месяц”,- піша старшыня “Вясны”. Таксама ён паведаміў, што прачытаў у ізалятары кніжку Варлама Шаламава “Калымскія расказы”.

“Чытаў у Народнай пра пікеты, якія забаранілі. Можа хоць маё становішча змусіць беларускіх праваабаронцаў крыху хутчэй рухацца”,- спадзяецца кіраўнік “Вясны”.

Не забывецца Алесь Бяляцкі і на фізічную актыўнасьць. “Я тут раблю розныя фізічныя практыкаваньні, каб хоць троху трымаць сябе ў форме. Хаджу па прагулачным дворыку, адціскаюся, падскокваю, разьмінаюся”,- піша ён.

Практыкаваньні добра паўплывалі  на апетыт праваабаронцы “У мяне зноў зьявіўся апетыт, першы тыдзень зусім не хацелася есьці. Здароўе ў мяне пакуль нармальнае, настрой – таксама”,- зазначыў Алесь Бяляцкі.

Як распавяла ў інтэрв’ю “Еўрапейскаму радыё” Паліна  Сцепаненка, у адным з лістоў да яе “Алесь піша, што ён пачаў пісаць мемуары пра згуртаванне маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Ён заклікаў мяне напісаць такія ж мемуары і патэлефанаваць іншым сябрам згуртавання, папрасіць, каб і яны напісалі свае ўспаміны пра тыя гады – канец 80-х, калі існавала гэтае згуртаванне”.

Урыўкі зь лістоў, у якіх Алесь Бяляцкі распавядае пра свой настрой, унутраныя адчуваньні:

“Я сам настройваюся да суда – месяцаў на шэсьць. Калі атрымаецца раней – будзе добра. Пакуль я да гэтага не рыхтуюся, не сьпяшаюся, буду рыхтавацца пазьней. Таксама я вывучаю мясцовыя правілы паводзінаў: калі есьці, калі хадзіць на “дальняк” – тут усё рэгляментавана, але вельмі паважаецца асабістая недатыкальнасьць (прастора) вакол цябе і нашая ўбогая уласнасьць, калі толькі ты сам не назаляеш іншым…

…Жыцьцё для мяне тут спынілася, калі параўнаць з апошнім годам, але ў гэтым таксама ёсьць свой пазітыўны сэнс, бо ёсьць час шмат думаць. Але я сябе не накручваю, не будую ніякіх вялікіх плянаў, усьведамляючы, што шмат што зараз у маім жыцьці залежыць не ад мяне асабіста, а ад зьнешніх фактараў. Адным словам, я плыву па рацэ лёсу і рыхтую сябе да любога разьвіцьця падзеяў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства