Рупліўца беларушчыны затрымалі спэцназаўцы
У Гомелі 26 жніўня затрымалі грамадзкага актывіста
Ігара Случака. Ён пасьпеў паведаміць па тэлефоне БелаПАН, што яго затрымалі
супрацоўнікі спэцназу і даставілі ў АУС Савецкага раёну Гомелю.
Паводле слоў Случака, яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы
ў грамадзкім месцы (дробнае хуліганства, арт.17.1 КоАП).
Дзяжурны АУС Савецкага раёна паведаміў, што Случак затрыманы
за адміністрацыйнае правапарушэньне і дастаўлены ў ІЧУ, дзе
будзе знаходзіцца да суду.
Актывіст плянаваў правесьці 27 жніўня сустрэчу з журналістамі:
паведаміць пра вынікі пэрсанальнай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску»
і абмеркаваць магчымасьць рэфармаваньня сыстэмы МУС. Паводле слоў
актывіста, на мерапрыемства ён запрашаў журналістаў
як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ, а таксама міліцыянтаў.
Кампанія «Справаводзтва па-беларуску» доўжыцца два гады. Ігар Случак дасылае
лісты чыноўнікам з просьбай перавесьці іхняе справаводзтва
на беларускую мову, і ў выпадку адказу на расейскай мове
патрабуе даслаць яго па-беларуску. Сёлета патрабаваньне да чыноўнікаў
адказваць грамадзянам на іх мове стала нормай закону
«Аб зваротах грамадзян».