viasna on patreon

Заходнія палітыкі стварылі Камітэт падтрымкі беларускіх палітвязьняў

2011 2011-08-25T14:48:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Камітэт, у які ўвайшлі дэпутатка Бундэстагу Марылюіза Бэк, эўрапарлямэнтар з Польшчы Марэк Мігальскі, дыплямат ды колішні амбасадар АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік і некаторыя іншыя вядомыя палітыкі эўрапейскіх краін, створаны ў рамках нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыі "Libereco — Partnership for Human Rights".

Некалькі месяцаў таму аб’яднаньне ініцыявала кампанію "Шэфства над палітвязьнямі", мэта якой — забясьпечыць кожнаму палітвязьню ў Беларусі і яго сям’і маральную ды матэрыяльную падтрымку з боку эўрапейскіх палітыкаў. Апекуны ўзялі на сябе абавязак сачыць за праблемамі таго ці іншага палітвязьня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі, каб дамагчыся іх вызваленьня.

Неабыякавасьць эўрапейцаў да лёсу беларускіх палітвязьняў ужо адчулі сем’і:

  • Фёдара Мірзаянава
  • Эдуарда Лобава
  • Алеся Кіркевіча
  • Паўла Вінаградава
  • Мікіты Ліхавіда
  • Паўла Севярынца
  • Зьмітра Дашкевіча
  • Аляксандра Атрошчанкава
  • Міколы Статкевіча
  • Андрэя Саньнікава
  • Ільлі Васілевіча
  • Зьмітра Бандарэнкі


Гэтымі днямі ініцыятыву "Libereco" ўхвалілі ў нямецкім фэдэральным урадзе. Як адзначыў упаўнаважаны па палітыцы правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі ў Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны Маркус Лёнінг, са стварэньнем камітэту мерапрыемствы дзеля падтрымкі беларускіх палітвязьняў стануць больш скаардынаваныя і будуць уведзеныя ў шырэйшы палітычны і гуманітарны кантэкст.

"Няспынныя рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных і грамадзкіх актывістаў, да грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ я асуджаю самым рашучым чынам", — заявіў Маркус Лёнінг. Што да арышту Алеся Бяляцкага на пачатку жніўня, то гэта яшчэ адзін доказ таго, што рэжым лютуе нават супраць абаронцаў правоў чалавека".

Паводле нямецкага ўрадоўца, сытуацыя вакол Бяляцкага сьведчыць пра намаганьні Менску прымусіць грамадзянскую супольнасьць замаўчаць. Маркус Лёнінг заклікаў асобаў, датычных да арышту вядомага беларускага праваабаронцы, адмовіцца ад выстаўленых супраць яго абвінавачаньняў і неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства