viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Улады даўно палявалі на сродкі праваабаронцаў

2011 2011-08-22T08:50:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Цынізм нашых уладаў заключаецца ў тым, што яны выдатна ведалі, на якія мэты выдаткоўваюцца гэтыя сродкі, яны палявалі за імі ўсе гэтыя гады – іх вельмі цікавілі распіскі, якія людзі пісалі за тое, што ім кампенсавалі штрафы, іншыя пытанні. У юрыдычным сэнсе ў дзеяннях Бяляцкага няма складу злачынства, якое яму цяпер інкрымінуюць. Бо толькі прыбытак паводле нашых законаў абкладаецца падаткам, і ні пра якое ўхіленне тут і гаворкі няма», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы асцерагаюцца, што ўлады могуць зрабіць працэс над Алесем Бяляцкім закрытым. «Перад следствам вельмі цяжкая задача – ім трэба давесці, што гэта быў прыбытак Бяляцкага, толькі тады можна казаць пра склад крымінальнага злачынства ў ягоных дзеяннях, – гаворыць Валянцін Стэфановіч. – Трэба сачыць за сітуацыяй і за тым, каб улада не зрабіла закрыты суд – такі варыянт можа быць, такія рэчы ўжо практыкаваліся».

Перадача афіцыйнымі ўстановамі Польшчы і Літвы інфармацыі пра рахункі кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага фактычна сталася асноваю для крымінальнай справы супраць праваабаронцы. Яго вінаваць ва ўхіленні ад падаткаў. Тым часам, паводле калегаў Алеся Бяляцкага, грошы з ягоных замежных рахункаў накіроўваліся выключна на праваабарончую дзейнасць, на падтрыманне рэпрэсаваных дэмакратычных актывістаў, а таксама на выплату штрафаў тых, каго арыштоўвалі падчас мірных акцыяў пратэсту.

«Вы абвінавачваеце па тэлевізары Бяляцкага ў тым, што ён валодае ледзь не паловаю Беларусі, нейкімі міфічнымі дамамі і машынамі, то давайце зробім публічны працэс і там усё будзе бачна», – дадаў намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».

Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што ў сённяшняй сітуацыі праваабарончыя арганізацыі не могуць дзеяць у Беларусі адкрыта. «Праваабарончыя арганізацыі былі фактычна выцесненыя ў андэрграўнд уладамі, большасць з іх пазбавілі рэгістрацыі, а тыя, што нават зарэгістраваныя, – не могуць працаваць з замежнаю дапамогаю. Я не магу пайсці ў Дэпартамент гуманітарнай дапамогі пры Адміністрацыі прэзідэнта і ўзгадніць там фінансавую дапамогу фонду ў падтрыманне палітвязняў. Гэта нонсенс», – падкрэсліў праваабаронца.

belsat.eu

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства