viasna on patreon

Улады Віцебску забаранілі праваабаронцам зладзіць пікет

2011 2011-08-19T15:49:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svecik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Свецік

Леанід Свецік

Праваабаронца Леанід Сьвецік, які падаваў заяўку на правядзеньне пікету ў Віцебску, атрымаў адмоўны адказ ад Адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Пікет плянавалася зладзіць 22 жніўня ў месцы, афіцыйна прызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, - у Парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. Мэтай меркаванага пікету было прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да надзённых праблемаў, што існуюць у галіне забесьпячэньня правоў чалавека ў краіне. Арганізатары мерапрыемства таксама спадзяваліся празь пікет інфармаваць шырокія колы грамадзян пра затрыманьне і зьмяшчэньне пад варту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Фармальнай нагодай для забароны пікетаваньня з боку ўладаў сталася невыкананьне заяўнікамі палажэньняў рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году. Згодна з гэтым рашэньнем для атрыманьня дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства арганізатары мусяць папярэдне заключыць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і ЖКГ і аплаціць іхныя паслугі, зьвязаныя з абслугоўваньнем мерапрыемства.

У Віцебску сталася ўжо звычайнай практыкай, што ўлады забараняюць праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы, якія ім не да спадобы, спасылаючыся менавіта на згаданае вышэй рашэньне № 881. Аднак, як сьведчаць актывісты, выканаць умовы, выкладзеныя ў рашэньні гарвыканкаму, часьцяком бывае папросту немагчыма. Бо атрымліваецца замкнёнае кола: службы, зь якімі трэба заключыць дамовы, як правіла, адмаўляюцца рабіць гэта, пакуль ня будзе атрыманы дазвол на правядзеньне мерапрымства ад уладаў; улады ж, у сваю чаргу, не даюць дазволу без заключаных дамоваў.

Абуральным назваў адказ чыноўнікаў райвыканкаму Леанід Сьвецік: “Падставы адмовы зьяўляюцца цалкам фармальнымі. Тым больш, што правесьці пікет мы хацелі ў месцы, якое дазволена ўладамі. Фактычна, улады парушаюць ня толькі заканадаўства, якое рэгулюе парадак заяўляньня і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Парушаюцца таксама правы спажыўцоў - бо, па сутнасьці, патрабуецца падвойная аплата адпаведным гарадзкім службам: з боку заяўнікоў і зь бюджэту. Больш таго, гэтыя паслугі прымусова навязваюцца, хаця пікетоўцы падчас мерапрыества ня маюць у іх аніякай патрэбы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства