Халіп наведала Саннікава ў Наваполацкай калоніі
Ірына Халіп сустрэлася ў Наваполацкай калоніі са сваім мужам, кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на мінулых выбарах Андрэем Саннікавым. Па яе словах, у першыя хвіліны не пазнала мужа, які быў паголены і без барады.
Працуе зняволены палітык у брыгадзе №30 і вырабляе гофр – кардонныя скрыні. Праца ў гэтай калоніі абавязковая. Вытворчасць экалагічна шкодная. Таму ўсе зняволеныя кашляюць.
Падчас размовы з жонкай Саннікаў закрануў і апошнія падзеі з палітычнага і праваабарончага жыцця, якія найбольш узрушылі яго, кажа Ірына Халіп:
- Яго вельмі ўзрушыла інфармацыя пра арышт
Алеся Бяляцкага, па тое, якую ролю адыгралі ў гэтым урады Літвы і Польшчы. Ён
лічыць гэта здрадай. Ён увогуле не можа уявіць сабе, як гэта магло адбыцца. З
ягонага пункту гледжання гэта невыпадковая памылка, у гэтым ёсць нейкая
палітычная мэтазгоднасць.
Размова падчас спаткання зайшла і пра вызваленне 9 палітычных зняволеных,
якія напісалі прашэнне аб памілаванні на імя А.Лукашэнкі. Па словах Ірыны
Халіп, яе муж вельмі рады за ўсіх, хто апынуўся на свабодзе. Але для сябе ён
выбар зрабіў. Па ягонаму меркаванню – напісанне прашэння аб памілаванні – гэта
ўскоснае прызнанне ўласнай віны. - Андрэй віны не прызнаў. Ён кажа – я не
вінаваты. Таму нічога пісаць проста не можа – распавяла Ірына Халіп.