Штраф праз 58 дзён
Празь 58 дзён пасьля акцыі маўклівага пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" аштрафаваны былы пажарны Жлобінскага аддзелу Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Раман Чуяшкоў.
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка аштрафавала спадара
Чуяшкова па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу — нібыта за
непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі і за
ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Агулам — на 770 тысяч рублёў.
Чуяшкоў: "Я думаў, што мяне толькі звольнілі з працы, і гэта ўжо ўсё. А
тут яшчэ й аштрафавалі. У суд прыйшоў супрацоўнік міліцыі й завучанымі
фразамі пацьвердзіў ілжывую інфармацыю, якая ўтрымлівалася ў пратаколе",
— сказаў былы выратавальнік.
Раман Чуяшкоў — першы ў Гомелі малады чалавек, які з-за народнай акцыі "маўклівага" пратэсту страціў працу.
15 чэрвеня, калі ў Гомелі на плошчы Леніна ладзілася "Рэвалюцыя праз
сацыяльную сетку", Раман быў вольны ад службы. Ён гуляў зь дзяўчынай у
цэнтры гораду.
Спэцназаўцы пачалі выціскаць людзей з плошчы й груба штурхнулі ў плечы
дзяўчыну Рамана. Ён заступіўся, зрабіў заўвагу, і тыя затрымалі
23-гадовага хлапца, дарэчы, майстра спорту па дзюдо.
У Цэнтральным аддзеле міліцыі Рамана, як і іншых затрыманых,
абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве й
супраціве міліцыі. Але паколькі спадар Чуяшкоў і сам службовец, сьледчыя
паведамілі пра затрыманага пажарніка ў абласную ўправу надзвычайных
сытуацыяў.
Кіраўніцтва ўправы забрала хлапца да сябе й паставіла ўмову: звальняйся
альбо звольнім. Са Жлобіна выкліканы непасрэдных начальнікаў Чуяшкова.
Яны адразу прывезьлі неабходныя дакумэнты й працоўную кніжку Рамана, і
да 23 гадзіны ён стаўся беспрацоўным.
Прысуджаны 12 жніўня адміністрацыйны штраф Раман Чуяшкоў зьбіраецца аспрэчыць у абласным судзе.