viasna on patreon

Пікеты ў абарону Алеся Бяляцкага заяўлены ў 17 гарадах Беларусі

2011 2011-08-12T14:12:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі падалі ў мясцовыя выканкамы заяўкі на пікеты з мэтай інфармавання грамадскасці пра крымінальны пераслед старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага. Большасць пікетаў запланавана на 22-ое жніўня.

Менавіта на гэты дзень заяўлены пікеты ў Гародні (на ўваходзе ў Каложскі парк), Барысаве (каля ўнівермагу “Веста” ці ў любым іншым месцы, прыдатным для інфармавання шырокага кола людзей), Жодзіне, Баранавічах (ў Старым парку), Магілёве  (каля Магілёўскага абласнога дыягнастычнага цэнтру), Гомелі (каля ўнівермагу "Гомель", Цэнтральнага рынку і гандлёвага цэнтру "Рэчыцкі"), Мазыры (на стадыёне “Спартак”), Рэчыцы, Берасці, Кобрыне, Віцебску і Наваполацку.

У Мазыры ўсяго пададзены тры заяўкі на пікет на стадыёне “Спартак” у абарону Алеся Бяляцкага, Мікіты Ліхавіда і ўсіх палітычных рэпрасаваных у Беларусі – таксама на 23-е і 27-е жніўня.

У Маладэчне пікет у абарону Алеся Бяляцкага заяўлены ў выканкам на 23 жніўня, а ў Смаргоні і Бярозе - на 24 жніўня. Бярозаўскія праваабаронцы плануюць правядзенне пікету ў дазволеным ўладамі месцы – на гарадскім стадыёне.

На 26 жніўня заяўлены пікет у Оршы (у гарадскім парку), на 27-ае - у Свіслачы (ля помніка Кастусю Каліноўскаму).

Актывісты праваабарончага руху збіраюцца выказаць сваю пазіцыю датычна арышту Алеся Бяляцкага, аднак маюць сумневы наконт таго, што гарадскія ўлады дазволяць заяўленыя публічныя мерапрыемствы. За апошнія тры-чатыры гады на пераважную большасць пікетаў у рэгіёнах улады дазволу не давалі.

Рэгіянальныя праваабаронцы таксама распачалі збор подпісаў пад паручальніцтвамі за Алеся Бяляцкага, што будуць дасланы ў пракуратуру горада Мінска. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства