viasna on patreon

Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў Партыі БНФ

2011 2011-08-11T13:25:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

11 жніўня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі разгледзела скаргі Партыі БНФ і грамадзкага аб'яднаньня БНФ "Адраджэньне" на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб высяленьні гэтых арганізацыяў з памяшканьня па праспэкце Машэрава, 8. Рашэньні суду першай інстанцыі былі пакінутыя бязь зьменаў, у скаргах заяўнікам было адмоўлена.

Такім чынам, суд вышэйшай інстанцыі пацьвердзіў рашэньне аб высяленьні БНФ з памяшканьня, якое партыя займала з 1992 году. Гэтае рашэньне ўжо ўступіла ў сілу, і пад ціскам прымусовага высяленьня партыя мусіла пакінуць стары офіс, паведамляе прэс-служба БНФ.

Як адзначыў у судзе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, рашэньне выселіць партыю БНФ з гістарычнай штаб-кватэры абумоўленае палітычнымі чыньнікамі:

"Захады супраць БНФ робяцца сынхронна з наступам на ўсе арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ажыцьцяўляецца ціск на Беларускі Хэльсынскі камітэт і крымінальны перасьлед вядомага дзеяча праваабарончага руху Алеся Бяляцкага".

Палітык падкрэсьліў, што пазбаўленьне Партыі БНФ памяшканьня на праспэкце Машэрава стала помстай за акцыю салідарнасьці з палітзьняволеным, якая была распачатая ў офісе партыі пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага году.

У Партыі БНФ засталася магчымасьць абскардзіць рашэньне аб высяленьні ў наглядным парадку. Па словах прадстаўнікоў Партыі БНФ, яны будуць разглядаць магчымасьць выкарыстаньня гэтага сродку абароны ў залежнасьці ад таго, ці здадуць памяшканьне былой сядзібы іншаму арандатару.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства