У Сэйме Літвы ініцыюецца расьсьледаваньне аб выдачы рахункаў Бяляцкага
Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сэйму плянуе пачаць расьсьледаваньне аб садзеяньні Беларусі з боку Міністэрства юстыцыі Літвы, што дапамагло затрымаць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Увосень парлямэнтары будуць высьвятляць як вінаватых у гэтым інцыдэнце, так і яго прычыны.
Гэта пацьвердзіў агенцтву DELFI кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кансэрватараў Юргіс Разма і старшыня камітэту Арвідас Анушаўскас.
Па словах палітыкаў, самае важнае – усталяваць, чаму не спрацавалі
мэханізмы, якія павінны былі прадухіліць інцыдэнт, і якія заплямілі
Літву.
Міністар юстыцыі Рэмігіюс Шымашус не сьпяшаецца
вінаваціць сваіх падначаленых у сувязі зь перадачай інфармацыі Беларусі.
Міністар прыносіць свае прабачэньні за інцыдэнт і абяцае Бяляцкаму і
іншым дзеячам апазыцыі дапамогу.
Акрамя гэтага, Шымашус лічыць, што гэты інцыдэнт выгадны Расеі.
Міністэрства юстыцыі сьцьвярджае, што ня мае намеру пачынаць унутранае
расьсьледаваньне па гэтым інцыдэнце. Міністэрства прызнае, што ў чэрвені
атрымала папярэджаньне МЗС не дапамагаць службам Беларусі, але было ўжо
позна, бо беларускі бок атрымаў запытаную інфармацыю яшчэ ў сакавіку.
Прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце сьцьвярджала, што пасьля
выдачы інфармацыі Беларусі Шымашус павінен ацаніць працу сваіх
падначаленых. Прэзыдэнт не патрабавала адказнасьці самога міністра.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску ў чацьвер, 4 жніўня. На падставе прадстаўленых Літвой дадзеных яго падазраюць ва ўтойваньні падаткаў.