viasna on patreon

Суд пакінуў у сіле прысуд чалавеку без рукі за «плясканне ў далоні»

2011 2011-08-10T14:47:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Скаргу Канстанціна Капліна, асуджанага за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 3 Ліпеня, Гродзенскі абласны суд пакінуў без задавальнення. Між тым, інвалід Каплін, які не мае правай рукі, быў затрыманы ў той дзень на Савецкай плошчы Гародні за тое, што, як вынікала з міліцэйскага пратаколу, ён "пляскаў у ладкі".

6 ліпеня гарадскі суд Горадні прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў незаконным шэсці і пакараў штрафам у памеры 1 млн. 50 тыс. рублёў. Гэта рашэнне Каплин абскардзіў у абласны суд.

На судовым працэсе 9 жніўня судзьдзя Анатоль Заяц скаргу інваліда не задаволіў.

У Капліна была маленькая, але ўсё-такі нейкая надзея на тое, што абласны суд адменіць рашэнне гарадскога суда. "Здавалася, дарослыя людзі павінны разумець усё глупства такіх вось рашэнняў", - сказаў ён.

Паводле інфармацыі гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, за апошнія 10-12 гадоў ні адна скарга, якая так ці інакш мае палітычны характар, не была задаволеная. "Створана сістэма, і яна баіцца што-небудзь змяніць. У яе ёсць задача пасадзіць і аштрафаваць пэўную колькасць людзей, і суддзі выконваюць, усведамляючы пры гэтым усю абсурднасць", - пракаментаваў рашэнне суду праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства