Выйшаў на волю гамяльчанін, арыштаваны за паведамленні ў сацыяльнай сетцы

2011 2011-08-10T11:13:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вечарам 9 жніўня з гомельскага ізалятара часовага ўтрымання выйшаў на волю Дзмітрый Шаўчэнка, арыштаваны на трое сутак за размяшчэнне паведамленняў у сацыяльнай сетцы "УКантакце". Каля ізалятара маладога чалавека сустракалі жонка і сябры.

"Абскарджваць рашэнне суда я, напэўна, не буду, бо гэта не мае сэнсу, — заявіў Шаўчэнка ў інтэрв'ю БелаПАН. — Сядзеў я ўпершыню. Абыходзіліся там са мной карэктна, калі не лічыць нейкіх невядомых у цывільным, якія прыходзілі да мяне ў камеру і паказвалі фотаздымкі нейкіх забітых жанчын і распытвалі невядома пра што. Мабыць, у іх такія метады ціску. Выйшаў у добрым настроі, бадзёры, мяне не зламалі — наадварот, я поўны сіл і энергіі".

Рашэнне аб арышце гамяльчаніна прыняў 8 жніўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля пад старшынствам Анатоля Сотнікава. Шаўчэнка прызнаны вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).

Як вынікае з зачытанага на судзе міліцэйскага пратакола, 2 жніўня Шаўчэнка, "знаходзячыся па адрасе пражывання, праз правайдэра сеткі "УКантакце" заклікаў грамадзян сабрацца да несанкцыянаванага збору для абмеркавання дзейнага ўрада". Далей суддзя Сотнікаў зачытаў перапіску з сацыяльнай сеткі "УКантакце", дзе абвінавачваны нібыта пакідаў паведамленні пад нікнэймам. Трэба адзначыць, што ў зачытаных суддзёй паведамленнях не было ні слова пра заклікі да нейкага збору.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства