Мікіта Ліхавід не будзе гандлявацца за свой выхад з турмы

2011 2011-08-10T11:07:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Палітычны зняволены Мікіта Ліхавід у сваім лісце з Наваполацкай калоніі напісаў, што не прымае прынцыпу гандлю палітзняволенымі.

21-гадовага Ліхавіда некалькі разоў садзілі ў штрафны ізалятар, а зараз на 3 месяцы змясцілі ў так званае “памяшканне крытага тыпу”, дабіваючыся прызнання віны, а таксама абавязацельства “стаць на шлях выпраўлення”. Але ён не прызнае сваёй віны і згодны быць вызвалены толькі праз поўнае апраўданне. “Я сваё імя і гонар за магчымасць есці пернікі са “згушчонкай” не прадаю," -- тлумачыць малады чалавек сваю пазіцыю ў лісце да маці, Алены Ліхавід.

- Ён спрабуе давесці, што гэты прысуд палітычна матываваны. Ён не хоча, каб яго імем гандлявалі як фішкамі на картачным стане. Ён піша: “Калі ў каго-небудзь ёсць думка выпускаць фігурантаў справы 19 снежня за якія-кольвечы пернікі, то я не хачу ўдзельнічаць у гэтым шабашы. Няхай выпускаюць тых, хто вінаваты, хто збіраецца жыць па законах гэтага рэжыму. Я сваё імя і свой гонар не прадаю."

Алена Ліхавід не выключае, што яе сына, як і шмат каго з палітзняволеных, прымушалі напісаць заяву аб пакаянні за злачынства. Але гэта значыць – прызнаць віну. “Я ўпэўнена, што ён такой паперы не падпіша, а я гатова яго чакаць столькі, колькі патрэбна. Хаця спадзяюся, што ён выйдзе на волю яшчэ да сканчэння прызначанага тэрміна пакарання,” – сказала Алена Ліхавід.

Мікіта Ліхавід асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў зняволення па артыкуле аб масавых беспарадках за ўдзел у дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнскіх выбараў 19 снежня 2010 году ў Мінску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства