Сэнатар Маккейн патрабуе вызваліць Бяляцкага
Уплывовы амэрыканскі сэнатар, былы кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Джон Маккейн запатрабаваў вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага ды іншых вязьняў сумленьня. Ён таксама заклікаў павялічыць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода.
"Апошняя выхадка рэжыму Лукашэнкі — арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага — яшчэ адна прычына, чаму гэты рэжым заслугоўвае статусу міжнароднага ізгоя", — заявіў Джон Маккейн. Ён назваў непрымальным перасьлед беларускімі ўладамі прыхільнікаў дэмакратыі ў гэтай краіне. Амэрыканскі сэнатар зьвярнуў увагу на тое, што такі перасьлед адбываецца ў Беларусі ўвесь час.
Джон Маккейн падкрэсьліў, што ЗША і Эўропа "павінны захоўваць адзінства ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, павялічваючы ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку і праз адмову ад прадстаўленьня міжнароднай фінансавай дапамогі".