Алена ЛIХАВIД: «Турма выхоўвае волю...»
Падумаць толькі: на трое сутак жанчыну кінулі ў камеру-адзіночку. I якую жанчыну — маці палітвязня Мікіты Ліхавіда! Кінулі за тое, што яна патрабавала законнага выканання ўнутранага распарадку спецустановы...
Пра сваё знаходжанне ў няволі Алена Ліхавід распавяла карэспандэнту “Народнай Волі”.
— Напачатку я б хацела расказаць пра тое, як адбываўся суд нада мной. — Гэта сапраўдны спектакль, дзе ролі адведзены кожнаму з удзельнікаў “працэсу”. Прычым законныя правы абвінавачанага парушаюцца на кожным кроку.
Адбывалася ўсё ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. Яшчэ да пачатку судовага працэсу я патрабавала сустрэчы сам-насам са сваім адвакатам Дар’яй Ліпкінай. Мне беспадстаўна адмовілі. У ходзе судовага працэсу адвакат стала патрабаваць, каб нам далі канфідэнцыйна перагаварыць. Суд адмовіў і ёй. І толькі пасля таго, як Дар’я Ліпкіна папрасіла занесці гэтую адмову ў пратакол судовага пасяджэння, суд дазволіў нам пагаварыць сам-насам у асобным пакоі. Роўна тры хвіліны. Мне таксама адмовілі ў тым, каб на судзе прысутнічалі блізкія і родныя.
У мяне склалася ўражанне, што сведкі, а гэта, зразумела, супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі ў судзе, напярэдадні завучвалі тэкст сваіх паказанняў. Яны гаварылі, як па напісанаму! Казалі, што яны мяне ведаюць, бачылі і затрымлівалі на вуліцы Леніна. Маўляў, я пляскала ў далоні і тупала нагамі, чым перашкаджала руху пешаходаў. Ці варта казаць, што людзі, якія давалі паказанні ў судзе, ніякага дачынення да майго затрымання не маюць? Мяне затрымлівалі зусім іншыя людзі. У тым, што гэта загадзя зрэжысіраваны спектакль, я ўпэўнілася тады, калі для вынясення прысуду суддзя Вайцэховіч нават не выйшла ў дарадчы пакой. Прысуд быў агучаны на месцы — 10 сутак. Гэта дае падставы меркаваць, што мой лёс быў вырашаны яшчэ да пачатку “разбіральніцтва”...
— Потым вы трапілі на Акрэсціна...
— Я трапіла ў камеру, дзе разам са мной знаходзілася шэсць чалавек. Усе ўдзельнікі акцыі. А пазней нас стала восем чалавек — падсялілі яшчэ дзвюх жанчын, якія трапілі за краты за бытавыя правапарушэнні.У камеры знаходзіцца “сцэна” — нашы спальныя месцы, рукамыйнік і туалет. Спальных месцаў хапала не ўсім — адзін чалавек спаў на падлозе. Умовы, канечне, жудасныя. Кармілі нас тройчы на дзень — раніцай аўсяная каша, прычым яна была альбо моцна салёная, такая, што нават і не паспрабаваць, альбо не салёная ўвогуле. На абед нам давалі суп, які больш нагадвае ваду, у якой плавае парачка капусных кавалачкаў альбо некалькі гарошынак. На другое — зноў-такі каша — пярловая ці рысавая з падабенствам хлебнай катлеты. На вячэру — гарбата, якая моцна пахла содай, мы яе не пілі... І ўвесь час давалі шмат шэрага фармавога хлеба. Вось так мы з хлеба на ваду і перабіваліся. Справа ў тым, што зняволеным забаронена перадаваць ежу з волі — толькі ваду і сокі.
— Трое апошніх сутак свайго арышту вы правялі, як ахрысцілі некаторыя сайты, у карцары спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна. За што туды трапілі?
— Ну, карцар — гэта я ўмоўна называю камеру-адзіночку, у якой я знаходзілася. Перавялі мяне туды без усялякіх тлумачэнняў. За што? Мяркую, за тое, што я настойвала на выкананні ўсталяваных законам правілаў спецпрыёмніка-размеркавальніка. Я амаль кожны дзень патрабавала, каб нас вывелі на прагулку. Штотыднёвыя прагулкі для зняволеных прадугледжаны законам. Але за 10 дзён я так і не ўдыхнула свежага паветра. Супрацоўнікі спецпрыёмніка спасылаліся на тое, што ў іх не прадугледжана месца для прагулак. Запрашалі адправіцца да іх “на суткі” праз год. Маўляў, у наступным годзе дворык для прагулак абавязкова з’явіцца. Акрамя таго, я штодзень патрабавала, каб, згодна з унутраным распарадкам установы, рэгулярна праветрывалі камеры. Гэта павінна адбывацца не менш за 14 разоў у суткі. Што такое праветрыванне па-акрэсцінску? Праветрываннем лічыцца адкрытая на кароткі тэрмін “кармушка” камеры, праз якую зняволеным падаюць ежу. Былі такія дні, калі камеры праветрывалі толькі два разы на дзень. Гэта напрамую залежала ад настрою ахоўнікаў... Людзі там працуюць розныя. Ёсць тыя, у каго яшчэ засталося сумленне, адпаведна, і стаўленне з іх боку да зняволеных чалавечнае. А ёсць там і такія, хто паказвае сваю ўладу зняволеным... Некаторых, напрыклад, раздражняў наш смех. Нават знаходзячыся ў камеры, мы стараліся не губляць прысутнасць духу. Здаралася, на наш смех у камеру заходзіў ахоўнік. І пасля абразаў у наш адрас дадаваў: “Вечна з вамі, жанчынамі, гемарой...”
— Алена, як змяніўся ваш светапогляд пасля дзесяці сутак арышту?
— Я стала мацней. Калі тыя, хто адправіў мяне “на суткі”, думаюць мяне гэтым самым зламаць, дык нічога ў іх не атрымаецца. Наадварот, пасля адсідкі я зразумела, што гэтая сістэма ўсталявала ўнутры мяне такі моцны маральны стрыжань, зламаць які будзе вельмі і вельмі няпроста. Мне ўжо не страшна. Тыя, хто працуе ў гэтай карнай сістэме, не разумеюць аднаго: іх турма выхоўвае ў чалавеку волю. І робіць чалавека больш моцным. І ў мяне ўжо проста няма права апускаць рукі, трэба змагацца, каб хоць нешта ў краіне змянілася да лепшага...