viasna on patreon

Алеся Бяляцкага ўзялі пад варту да прад'яўлення абвінавачання

2011 2011-08-05T17:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_paslia_peratrusu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі пасля ператрусу ў офісе

Алесь Бяляцкі пасля ператрусу ў офісе

Прыблізна а 18-ай гадзіне следчая па справе Алеся Бяляцкага афіцыйна паведаміла яго жонцы Наталлі пра арышт яе мужа. Супрацоўнікі міліцыі дазволілі праваабаронцу ўзяць перадачу і з будынка ДФР павезлі яго ў ізалятар на Валадарскага. Пад вартай Алесь Бяляцкі будзе ўтрымлівацца мінімум 10 сутак.

***

16:15 Допыт Алеся Бяляцкага завершаны. Праваабаронцу ізноў прывезлі ў будынак ДФР па вуліцы Броўкі. Праз журналістаў, з якімі яму ўдалося перакінуцца некалькімі словамі, Алесь перадаў усім прывітанне і сказаў, што зараз будуць прымаць рашэнне наконт яго.

***

Нарэшце калегам удалося высветліць месцазнаходжанне праваабаронцы. Інфармацыя пра тое, што Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца на Акрэсціна, не пацвердзілася. Ноч ён правёў у будынку Дэпартамента фінансавых расследванняў, што па вуліцы П.Броўкі ў Менску. Пасля 12-ай гадзіны з ім бачылася жонка Наталля, яна перадала Алесю ежу. Затым распачаўся допыт праваабаронцы. Паводле следчага, Алеся Бяляцкага могуць вызваліць сёння, могуць затрымаць на 10 сутак для прад'яўлення абвінавачвання, ці абвінавачваньне прад'явяць сёння і перавядуць у следчы ізалятар.

Ператрус на офісе "Вясны" 4 жніўня працягваўся з 19:55 да 20:50 у прысутнасці двух панятых. Пасля гэтага супрацоўнікі ДФР павезлі праваабаронцу на допыт у дэпартамент. Калегі, з якімі ў Алеся была магчымасць паразмаўляць каля хвіліны, паведамілі, што яго там ужо чакае адвакат.

У офісе Алесь Бяляцкі пакінуў копіі пратаколаў ператрусу і опісу арыштаванай маёмасці.

"Перад пачаткам ператрусу Бяляцкаму А.В. была прад'яўлена пастанова ад 04.08.2011 і прапанавана добраахвотна выдаць прылады злачынства, прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія падлягаюць канфіскацыі і могуць мець значэнне для крымінальнай справы, на што ён заявіў, што такіх у яго няма", - указваецца ў пратаколе ператрусу. Далей у ліку вынятых падчас ператрусу рэчаў указваюцца чатыры лісты фармату A4 з подпісамі на замежнай мове, а таксама адзін ліст з рукапісным тэкстам з назвамі гарадоў і нумарамі тэлефонаў. У пратакол опісу арыштаванай маёмасці ўнесены ксеракс, кампутарны стол, офіснае крэсла і факс.

 

 

 

Копія пратакола ператрусу ў А.Бяляцкага, ст.1
Копія пратакола ператрусу ў А.Бяляцкага, ст.2
Копія пратакола ператрусу ў А.Бяляцкага, ст.3
Копія пратакола опісу маёмасці ў А.Бяляцкага, ст.1
Копія пратакола опісу маёмасці ў А.Бяляцкага, ст.2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства