viasna on patreon

Суды над удзельнікамі акцыі ў падтрымку Зміцера Дашкевіча фактычна зрабілі закрытымі

2011 2011-08-04T12:59:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністратыўныя працэсы 3 жніўня і ў горацкім і ў дрыбінскім судах распачаліся пасля 18-ай гадзіны, калі працоўны дзень ужо быў завершаны. Цягам усяго дня супрацоўнікі міліцыі адказвалі праваабаронцам, журналістам і сваякам затрыманых, што “ніякай інфармацыі пра суды няма”.   

- Такім чынам людзей пазбавілі права на атрыманне дакладнай і своечасовай інфармацыі і права на прысутнасць падчас разгляду справаў у судах, якія мусяць праходзіць адкрыта. Гэтыя правы гарантаваныя адпаведна артыкуламі 34 і 114 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, - адзначае праваабаронца Барыс Бухель, які ўчора разам з тымі, хто чакаў інфармацыі пад РАУСам у Дрыбіне, не змог нічога даведацца пра суды.

Праваабаронца лічыць, што ўсё было загадзя спланавана мясцовымі чыноўнікамі:

- Яны скарысталіся тым момантам, што сапраўды заканадаўства прадугледжвае перанос разгляду справаў з аднаго суда ў іншы пры дазволе на гэта старшыні аблсуда. Прытым журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч неаднаразова тэлефанаваў у Магілёўскі суд, яго “футболілі”, а пасля паведамілі, што старшыня ўвогуле ўжо сыйшоў. То бок, была фармальная адгаворка. І калі б бацькі і муж Таццяны Шапуцька не засталіся ў Дрыбіне “да перамогі”, то мы ўвогуле наўрад ці б даведаліся, што суды прайшлі.

Барыс Бухель рэкамендуе падманутым грамадзянам абскарджваць парушэнне сваіх канстытуцыйных правоў ва Упраўленне юстыцыі Магілёўскай вобласці, а таксама ў Мінюст.

Нагадаем, што 2 жніўня за пікет ля горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, былі затрыманыя 15 актывістаў дэмакратычных моладзевых арганізацыяў. Іх абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (адпаведна артыкулы 23.34 і 23.4.КаАП РБ). Адзін з затрыманых, Уладзімір Радкевіч, быў адпушчаны, а астатнія ноч правялі ў горацкім РАУСе. З іх 10 чалавек 3 жніўня былі перавезены ў іншы раённы цэнтр – г.п. Дрыбін.

У дрыбінскім судзе ўвечары 3 жніўня разглядаліся адміністратыўныя справы журналісткі Таццяны Шапуцькі (10 сутак арышту, нягледзячы на тое, што яна выконвала прафесійныя абавязкі), Юліі Міхайлавай (10 сутак арышту),  Вячаслава Барысава (10 сутак арышту), Ганны Шарубы (13 сутак арышту), Насты Палажанкі (12 сутак арышту), Міколы Дземідзенкі (17 сутак арышту), Яўгена Скрабца (10 сутак арышту), Аляксея Сянчылы (7 сутак арышту, Рамана Паншына (5 сутак арышту). Разгляд справы Рамана Васільева перанесены на 9 жніўня, паколькі ён запатрабаваў адваката.

У горацкім судзе былі асуджаныя Максім Сямёнаў (10 сутак арышту) і Аляксандр Вялітчанка (напачатку пакараны 7-суткавым арыштам, які суддзя замяніў на штраф памерам у 1мільён 50 тысяч рублёў, калі даведаўся, што хлопец мае інваліднасць па зроку). Адміністратыўныя справы Івана Шылы і Зміцера Шурхая будуць разглядацца 8 жніўня, паколькі актывісты запатрабавалі прысутнасці адвакатаў.    

Максім Сямёнаў адбывае пакаранне ў Горках, астатнія асуджаныя да адміністратыў ных арыштаў актывісты - у Дрыбіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства