Месяц арышту за лаянку і маўчаньне
Выйшаў на волю пасьля 30-сутачнага арышту за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту жыхар Гомелю Руслан Усьціменка. Малады чалавек ужо ня зможа абскардзіць рашэньне суду, бо прайшоў вызначаны законам тэрмін, а ў зьняволеньні ён ня мог гэтага зрабіць.
"Я лічу рашэньне суду і мой арышт цалкам незаконнымі. Мяне пакаралі за маю актыўнасьць як у інтэрнэце, так і на акцыях пратэсту. Калі я выплаціў штраф за першую акцыю пратэсту дробнымі грашыма, некалькі кіляграмаў, і гэта атрымала шырокі рэзананс, то яны вырашылі мяне як мага больш жорстка пакараць", - адзначыў Усьціменка ў інтэрвію БелаПАН.
Усьціменка кажа, што яму не дазвалялі тэлефанаваць з ізалятару часовага ўтрыманьня, хоць гэта і дазволена законам, і шматлікія арыштаваныя карысталіся гэтым правам. "У мяне было сем тэлефонных картак, я неаднаразова пісаў заявы на імя начальніка ізалятару, але тэлефанаваць мне не дазволілі. Начальнік сказаў, што да мяне не дайшла чарга, хаця людзі, якія адбывалі пакараньне ў ІЧУ і патрапілі туды пазьней за мяне, тэлефанавалі", - падкрэсьліў малады чалавек.
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова 4 ліпеня прызнала Ўсьціменку вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і вынесла рашэньне пакараць яго 15 суткамі арышту. Малады чалавек быў затрыманы напярэдадні акцыі маўклівага пратэсту 2 ліпеня. На судзе супраць Усьціменкі сьведчылі міліцыянты. Яны сьцьвярджалі, што юнак быў затрыманы па скарзе грамадзяніна, які нібыта чуў ад Усьціменкі нецэнзурную лаянку. Прычым скаржніка міліцыянты не апытвалі -- той толькі паказаў пальцам на хлопца і сышоў.
7 ліпеня Ўсьціменку даставілі з ізалятару ў суд, каб разгледзець адміністрацыйную справу за яшчэ адну "нецэнзурную лаянку". Яго затрымалі 29 чэрвеня на акцыі маўклівага пратэсту, але тады суд быў перанесены з-за неабходнасьці выкліку сьведак.
Справу Ўсьціменкі зноў разглядала судзьдзя Алена Цалкова. Зь невядомых прычынаў суд быў закрытым, на пасяджэньне не пусьцілі ні журналістаў, ні маці Руслана. Судзьдзя зноў прызнала Ўсьціменку вінаватым і прызначыла яму яшчэ 15 сутак арышту. Такім чынам, Усьціменка правёў у ізалятары цэлы месяц.