Беларусь павінна адмовіцца ад драконаўскіх законапраектаў, якія забараняюць “маўклівыя пратэсты”
Ініцыятыва беларускага
ўрада пра забарону практычна любых пратэстаў - яшчэ адзін удар па праву народа Беларусі на свабоду слова і свабоду сходаў,
заявіла Amnesty International.
Пасля серыі “маўклівых пратэстаў” улады апублікавалі ў мінулую
пятніцу праект паправак да законаў,
згодна з якімі ўдзельнікі любых сходаў з мэтай здзяйснення “дзеянняў ці бяздзеяння [...] для
публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту” павінны будуць атрымліваць дазвол уладаў.
Асобы, прызнаныя вінаватымі ў
правядзенні пратэстаў у форме “бяздзеяння”, будуць
карацца 15 суткамі адміністратыўнага арышту або штрафам.
“Мы заклікаем беларускіх парламентарыяў адмовіцца ад гэтых драконаўскіх
паправак да закона, якія парушаюць міжнародныя стандарты ў галіне свабоды слова
і сходаў”, - сказаў Джон Дальхузэн, намеснік дырэктара праграмы
Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Па паведамленнях праваабарончага
цэнтра "Вясна", улады затрымалі больш за 2000 чалавек, якія
ўдзельнічалі ў “акцыях маўклівага пратэсту”. Каля 80% затрыманых пасля асудзілі да адміністратыўнага арышту на тэрмін ад пяці да 15 сутак або штрафаў.
Удзельнікі “акцый маўклівага пратэсту” з чэрвеня збіраюцца вялікімі і малымі групамі па ўсёй
Беларусі, каб выказаць нязгоду з палітыкай урада. У некаторых выпадках яны
пляскалі ў далоні або моўчкі хадзілі. Удзельнікі адной з акцый устанаваілі
будзільнікі сваіх мабільных тэлефонаў на адзін і той жа час.
Прапанаваныя змены да закона аб
масавых мерапрыемствах увядуць новыя абмежаванні і ў дачыненні да месцаў, дзе можна праводзіць
дэманстрацыі.
Нават без паправак да законаў,
якія рэгулююць правядзенне акцый пратэсту, правесці ў цэнтры Мінска грамадскі сход амаль немагчыма.
Улады ідуць на ўсё больш
жорсткія меры ў дачыненні да дэманстрантаў. Супрацоўнікі КДБ у цывільным
затрымліваюць удзельнікаў “маўклівых пратэстаў”, не прад'яўляючы дакументаў. Мірных дэманстрантаў збіваюць.
У некаторых выпадках
супрацоўнікі праваахоўных органаў ужывалі для разгону “акцый маўклівага пратэсту” слёзатачывы газ, а ўрад блакаваў сацыяльныя інтэрнэт-рэсурсы, каб перашкодзіць
арганізатарам акцый.
“Гэтыя папраўкі сведчаць пра параною ў самым сэрцы рэжыму Лукашэнкі. Над імі можна было б пасмяяцца,
калі б за імі не стаялі такія злавесныя
намеры, - сказаў Джон Дальхузэн. - Неабходна адмовіцца ад гэтых
паправак і ў поўнай меры выконваць права на мірны пратэст - у любой яго форме”.