viasna on patreon

Затрыманым у Горках інкрымінуюць правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Суд — 3 жніўня

2011 2011-08-02T18:19:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Затрыманым 2 жніўня ў Горках 15 дэмакратычным актывістам інкрымінуюць правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

У ліку затрыманых — намеснік старшыні міжнароднага аб’яднання «Малады фронт» Анастасія Палажанка, каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) у Брэсцкай вобласці Дзмітрый Шурхай, актывісты Мікалай Дземідзенка, Іван Шыла, Ганна Шапуцька, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, Раман Васільеў, Вячаслаў Барысаў і іншыя.

Акрамя таго, Палажанцы інкрымінуюць супраціўленне работнікам міліцыі, паведаміў Севярынец. Нагадаем, у канцы мая яна была прыгавораная да аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна на падставе артыкула 342, частка 1 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Севярынец паведаміў, што ў дачыненні да ўсіх затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Гэту ноч яны правядуць у райаддзеле міліцыі, а раніцай 3 жніўня паўстануць перад судом.

Нагадаем, актывісты прыехалі ў горацкую калонію, дзе адбывае пакаранне лідар «Маладога фронту» Дзмітрый Дашкевіч, абвінавачаны ў збіванні двух мінчан. Яны патрабавалі ад адміністрацыі калоніі дазволу на сустрэчу Дашкевіча з адвакатам. Актывісты сталі каля папраўчай установы з расцяжкай «Спыніце праследаванне!». Праз некаторы час да іх падбеглі супрацоўнікі міліцыі і работнікі калоніі. Ва ўдзельнікаў пікета адабралі расцяжку, пасля чаго пад’ехаў спецаўтамабіль, які забраў прыкладна дваццаць чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства