Каб забараніць пікет у падтрымку Мікіты Ліхавіда, наваполацкія ўлады змянілі рашэнне пра масавыя мерапрыемствы
Да такой высновы прыводзіць адказ гарадскіх чыноўнікаў пікетоўцам. Відавочна, што прычыны, указаныя намеснікам старшыні гарвыканкама Дурновым, штучна створаныя мясцовымі чыноўнікамі. Пікет у падтрымку маладога палітвязня, які адбывае пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі № 10, павінен быў адбыцца ўвечары 2 жніўня.
Гарвыканкам паведамляе заяўніку пікета Уладзіміру Кунцэвічу, што сваім рашэнем ад 22.07.11 № 689 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Наваполацку” плошча ля гарадскога Палаца культуры па вуліцы 5-ая Лінія выключана з пераліку месцаў, дазволеных для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Тут Уладзімір Кунцэвіч зазначае, што дэмакратычныя актывісты, у тым ліку сябры ПЦ “Вясна”, БНФ і Руху “За свабоду”, падавалі заяўку 18 ліпеня - за два тыдні, як таго патрабуе заканадаўства. То бок, змены ў рашэнне аб масавых мерапрыемствах чыноўнікі ўнеслі пазней, праз чатыры дні.
Акрамя таго, тлумачачы адмову ў правядзенні пікету, Дурноў указвае заяўнікам на тое, што яны не заключылі адпаведныя дамовы з міліцыяй (на ахову грамадскага парадку падчас масавага мерапрыемства), цэнтральнай гарадской бальніцай (на медыцынскае абслугоўванне) і камунальнай гаспадаркай (на ўборку тэрыторыі). Аднак, са словаў Кунцэвіча, калі ён пайшоў заключаць дамовы з указанымі суб’ектамі, яму адказалі, што спачатку трэба атрымаць дазвол на правядзенне пікету.
Грамадскія актывісты лічаць адмову гарадскіх чыноўнікаў у правядзенні пікету незаконнай і маюць намер абскардзіць яе.