viasna on patreon

Пракуратура разбіраецца са скаргай журналістаў «Еўрарадыё»

2011 2011-08-02T16:19:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Трое журналістаў «Еўрарадыё» пабывалі ў Генпракуратры з нагоды скаргаў на незаконныя затрыманні ў часе вулічных акцый.

У чэрвені і ліпені ў часе акцый «маўклівага пратэсту» ад сілавікоў у цывільным пацярпелі трое супрацоўнікаў акрэдытаванага ў Беларусі «Еўрапейскага радыё для Беларусі» — Наста Манцэвіч, Андрэй Елісееў і Павел Свярдлоў (апошні трапляў пад затрыманні двойчы).

Карэспандэнты «Еўрарадыё» паскардзіліся ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў, якое выдавала дазвол на адкрыццё ў Беларусі карпункту радыёстанцыі.

Выклікі ў пракуратуру пачаліся ў канцы ліпеня — прыкладна праз тыдзень пасля падачы скаргаў.

Як распавёў БАЖ галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк, журналістаў выклікалі па чарзе да розных следчых і прасілі падрабязна распавесці пра дзеянні невядомых нападнікаў. Адзін з карэспандэнтаў сутыкнуўся ў пракуратуры з прэс-сакратаром ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандрам Ластоўскім, які выходзіў з кабінета следчага — як мяркуюць журналісты, таксама пасля гутаркі на гэтую ж тэму.

«Супрацоўнікі пракуратуры трымаліся з нашымі карэспандэнтамі нейтральна, і таму зразумець іх стаўленне да гэтых падзеяў было немагчыма. Але выглядала на тое, што асобы нападнікаў у цывільным невядомыя не толькі журналістам, але і пракуратуры. Прынамсі, яны так кажуць», — дадаў В. Зыблюк.

Між тым, фота- і відэаматэрыялы, якія журналісты прапаноўвалі далучыць да «справы», следчыя з нейкіх прычын прымаць не захацелі.

«Невядома, чым гэтая праверка скончыцца. Але ёсць законы, і мы хочам скарыстаць сваё права змагацца за іх выкананне», — падкрэсліў кіраўнік карпункту.

Нагадаем, што 13 ліпеня група з 30-і журналістаў розных СМІ таксама перадала ў Генпракуратуру «калектыўны зварот» з нагоды затрыманняў і брутальнага абыходжання з боку сілавікоў. Аналагічны зварот накіравалі міністру ўнутраных спраў, а копіі — міністру інфармацыі і старшыні Вярхоўнага суда. Падпісанты разлічваюць на пісьмовы адказ кожнаму з іх цягам 30-і дзён — у адпаведнасці з законам РБ «Аб зваротах грамадзян».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства