viasna on patreon

Гомельскія флэшмоберы гатовыя дайсці да ААН

2011 2011-07-19T15:14:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Гомелі выйшлі на свабоду затрыманыя падчас акцыяў маўклівага пратэсту 3 ліпеня. Праваабаронца Анатоль Паплаўны і сябра партыі БХД Васіль Такарэнка правялі ў ізалятары часовага ўтрымання 15 сутак.

Анатоля Паплаўнага арыштавалі, калі той, назіраючы за затрыманнямі ўдзельнікаў флэшмоба 3 ліпеня, спрабаваў сфатаграфаваць незаконныя дзеянні міліцыянтаў. Адміністратыўны арышт праваабаронцы акурат трапіў на ягоны летні адпачынак. І Паплаўны палову з яго правёў у ізілятары часовага ўтрымання. 

Васіля Такарэнку затрымалі супрацоўнікі спецпадраздзялення без знакаў адрознення. “Яны былі апранутыя ў паўвайсковыя штаны і балоневыя курткі”, -- узгадаў актывіст партыі БХД. Падчас затрымання Васіль Такарэнка запатрабаваў ад міліцыянтаў звярнуцца да сябе па-беларуску. За гэта ён быў у жорсткай форме адпраўлены ў міліцэйскі мікрааўтобус, дзе яго збілі невядомыя людзі ў цывільным. “Больш за ўсё мяне закранула тое, што яны патлумачылі маё збіццё тым, што ў кагосьці з іх быў забіты ці тое дзед, ці тое прадзед падчас Другой сусветнай вайны. Атрымліваецца, што любое патрабаванне да прадстаўніка ўлады размаўляць па-беларуску, датычыцца Другой сусветнай?!”, -- здзівіўся Васіль Такарэнка.

Сустрэць сядзельцаў прыйшлі паплечнікі і сябры. Аднак адпушчаных на волю адвезлі на некалькі кіламетраў ад ІЧУ. Міліцыянты адмыслова вазілі іх каля паўгадзіны па горадзе, высадзіўшы недалёка ад РАУСа, дзе на затрыманых 15 дзён таму склалі пратакол. “Нас калі везлі, мы задалі пытанне, а чаму вы нас не адпусцілі кая ІЧУ. На што міліцыянты адказалі, што ім дадзеным загад давесці нас да Цэнтральнага РАУСа”, - распавёў Анатоль Паплаўны.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў заўважыў, што сустракаць сядзельцаў каля ІЧУ сталася традыцыяй:

-- Замест таго, каб хвіліну ў хвіліну выпусціць з ІЧУ Анатоля Паплаўнага і Васіля Такарэнку, іх пачалі вазіць па ўсім горадзе. Мы ездзілі ўслед за міліцэйскай машынай, бо для нас было важна давецца канчатковы лёс нашых таварышаў.

Гомельскі маладафронтавец Андрусь Цянюта, якога нядаўна выпусцілі з ІЧУ, дзе ён правёў 5 сутак адміністратыўнага арышту, таксама прыйшоў сустрэць сядзельцаў:

-- Людская салідарнасць – гэта вельмі важна. Калі прыходзяць сустракаць, то чалавек, які знаходзіўся “на сутках”, разумее, што ён не забыты, што ёго памятаюць тыя, хто на волі.

Сябра Руху “За свабоду” Зміцер Сцепанец, які чакаў правабаронцу Анатоля Паплаўнага і актывіста партыі БХД Васіля Такарэнку каля ІЧУ, заўважыў, што не першы міліцыянты зрываюць сустрэчы затрыманых паплечнікамі. “Пару тыдняў таму і мяне, і Андруся Цянюта так жа вывозілі падалей ад ІЧУ”, -- падкрэсліў Зміцер Сцепанец.

Гомельскія ўдзельнікі маўклівай акцыі пратэсту гатовыя дайсці да камітэта ААН па правах чалавека. Як заявіў гомельскі праваабарнца Леанід Судаленка, у бліжэйшы час затрыманыя праваабаронца Анатоль Паплаўны і сябра партыі БХД Васіль Такарэнка будуць абскарджваць свой арышт у Гомельскім абласным судзе. У выпадку, калі Вярхоўны суд пакіне ў законнай сіле рашэнне Гомельскага абласнога суда адносна Паплаўнага і Такарэнкі, то актывісты будуць звяртацца ў камітэт ААН па правах чалавека. “Трэба пакласці канец той сітуацыі, калі міліцыянты хлусяць, сцвярджаючы на судах, што грамадскія і палітычныя дзеячы быццам бы выкарыстойваюць нецэнзурную лаянку”, – падсумаваў праваабаронца Леанід Судаленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства