Справа перакрыцця дарогі ў Брузгах набывае абсурдны змест
Ужо пакараных за перакрыццё дарогі ў Брузгах 12-га чэрвеня людзей пачалі наноў выклікаць. 36 чалавек 20-га ліпеня выклікаюцца ў суд. Справа ў тым, што абласная пракуратура і мытня запатрабавалі, каб удзельнікі несанкцыянаванай акцыі на мяжы аплацілі страты, якія мытня панесла за затрымку на тры гадзіны працы на мяжы, а таксама патрабуецца, каб аўтамабілісты аплацілі расходы, звязаныя з выклікам АМАПу і спецназу, - паведамляе “Гарадзенская Вясна”.
Але людзі не разумеюць, якое дачыненне яны маюць да прыезду АМАПу і спецназу. “Мы іх не клікалі, – жартуюць яны, каб хоць неяк не ашалець ад абсурднасці справы. – Хто іх выклікаў, той хай і аплачвае тыя страты. Бо калі так пойдзе далей, то мы вымушаныя будзем даваць грошы па кожнаму руху уладаў. Прыкладам, плаціць работнікам ДАІ за тое, што яны нас спыняюць на дарозе, а супрацоўнікам АМАПу за тое, што яны нас б’юць”. Але ілюзіяў, што суд зойме бок аўтамабілістаў, што пратэставалі ў Брузгах, ні ў каго няма.