“Наша Ніва” атрымала яшчэ адно папярэджанне
Вы будзеце смяяцца, але, напярэдадні пачатку працэсу аб ліквідацыі газеты, «Наша Ніва» атрымала новае папярэджанне. Яго 8 ліпеня спешна з кур’ерам даставілі ў рэдакцыю пасля 17.00, а пасля яшчэ даслалі факсам з Міністэрства інфармацыі.
Гэтым разам міністэрства пільна ўгледзелася ў выходныя звесткі нумару «НН» ад 1 чэрвеня 2011 года і заўважыла, што там, у парушэнне арт.22 Закону аб СМІ, не ўказаны падпісны індэкс!
Зазвычай «НН» друкуе падпісныя індэксы на старонцы 2, у блоку інфармацыі для чытачоў. Таму і захапляе пільнасць позірку спецыялістаў ідэалагічнага ведамства: той нумар быў АДЗІНЫМ, дзе блоку з індэксамі не было. На яго месцы стаяў артыкул «Вышэйшы гаспадарчы суд адкрыў дарогу да закрыцця «Нашай Нівы».
Паводле цяперашняга беларускага заканадаўства ў галіне СМІ нават такая фармальная прычэпка можа пацягнуць за сабой закрыццё выдання. І прэцэдэнты ўжо былі: так, газету «Згода» ліквідавалі за тое, што ў выходных звестках не было пазначанае поўнае імя галоўнага рэдактара. Падобнага характару прэтэнзіі выклікалі рэпрэсіўныя меры супраць часопіса ARCHE, газеты «Салідарнасць».
На думку юрыстаў, у выпадку «НН» Міністэрства інфармацыі так перастрахоўваецца. Паводле заканадаўства, можна ліквідаваць выданне, калі яно мае два і болей папярэджанні. Тым часам 22 і 26 ліпеня сканчаецца тэрмін дзеяння двух папярэджанняў, атрыманых «НН» летась за публікацыі звязаныя з фільмам «Хросны бацька». А 14 ліпеня пройдуць тры месяцы ад моманту атрымання апошняга папярэджання, цягам якіх, паводле заканадаўства, газету можна зачыніць. І калі не ўдасца ліквідаваць «НН» у бліжэйшы час, новае папярэджанне будзе нагодай распачаць новую справу аб ліквідацыі.
Дарэчы, дамоклаў меч Праляскоўскага вісіць і над дзяржаўнай газетай «Рэспубліка», заснаванай Саветам міністраў: у яе выходных звестках таксама няма падпісных індэксаў. Але штосьці не было чуваць, каб «Рэспубліку» каралі за гэта.