Партыю БНФ гвалтоўна выселяць з офіса 14 ліпеня
Партыя БНФ атрымала афіцыйнае папярэджанне гаспадарчага суда аб высяленні з займаемага офіса праз тыдзень, паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
"Толькі што прыйшоў ліст аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці, у якім пазначана, што партыі БНФ прадстаўлены сямідзённы тэрмін для таго, каб добраахвотна пакінуць памяшканне. У выпадку невыканання прадугледжана прымусовае высяленне", - растлумачыў Р. Кастусёў.
Як паведамляў "Інтэрфакс-Захад", камунальныя службы Савецкага раёна Мінску запатрабавалі высялення партыі з арандаванага офіса на падставе сістэматычных пратэрміновак плацяжоў. У БНФ сцвярджаюць, што гэтыя абвінавачванні безгрунтоўныя і ў апошнія гады партыя спраўна аплачвае камунальныя паслугі. Тэрмін арэнды офіса скончыўся ў сакавіку бягучага года, аднак новы дагавор арэнды, насуперак абяцанням ЖРЭА, заключаны не быў.