viasna on patreon

Пракурор раскрытыкаваў працу па сацыяльнай рэадаптацыі былых зняволеных

2011 2011-06-13T00:27:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turma1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Беларуская турма

Беларуская турма

Пракурор Бялыніцкага раёна Міхаіл Андросенка раскрытыкаваў працу камісіі пры райвыканкаме і мясцовай міліцыі па рэадапцыі былых зняволеных і прафілактыцы правапарушэнняў у артыкуле “Станоўчы вынік сам па сабе не прыходзіць”, які быў надрукаваны ў бялыніцкай раённай газеце “Зара над Друццю” 11 чэрвеня 2011 года.

У прыватнасці, Міхаіл Андросенка лічыць, што работа па прафілактыцы правапарушэнняў у Бялыніцкім раёне не адпавядае вызначаным патрабаванням, носіць бессістэмны, павярхоўны характар: “Дзеля выканання гэтага Закона (“Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”) на адміністрацыйных тэрыторыях створаны саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, дабраахвотныя дружыны, дзейнічаюць саветы прафілактыкі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У работу па прафілактыцы правапарушэнняў таксама падключыліся мясцовыя органы выканаўчай улады, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, аддзел па надзвычайных сітуацыях. Аднак праводзімая імі работа ўсё яшчэ не адпавядае вызначаным патрабаванням, носіць бессістэмны, павярхоўны характар. Можна сказаць, што яна праводзіцца фармальна, а значыць, не садзейнічае карэнным зменам па пераадоленні такіх негатыўных тэндэнцый у грамадстве, як п’янства. Злачынствы ў сферы сямейна-побытавых адносін, рэцыдыўная злачыннасць, злачынствы, здзейсненыя непаўналетнімі, крадзяжы ўсіх форм уласнасці. У выніку, сёлета мы назіраем на тэрыторыі раёна агульны рост злачынстваў. Колькасць іх за чатыры месяцы павялічылася з 87 леташніх фактаў да 95. У Бялынічах здзейснена забойства, зарэгістраваны чатыры факты прычынення цяжкіх цялесных паходжанняў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Для параўнання: летась забойствы не рэгістраваліся, у двух выпадках прычыняліся цялесныя пашкоджанні. Усе гэтыя сёлетнія злачынствы здзейснены грамадзянамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, адмоўна характэрызуюцца па месцы жыхарства. Адзін злачынца з’яўляўся гэтак званым абавязаным бацькам. Высветлена: дзейснай індывідуальнай работы як з грамадзянамі, што ўчынілі злачынствы, так і з іхнімі ахвярамі, з боку суб’ектаў прафілактыкі, да якіх разам з РАУС адносяцца саветы грамадскіх пунктаў, мясцовыя выканаўчыя органы і сістэма аховы здароўя, не праводзілася. Хоць інфармацыяй аб антыграмадскіх паводзінах дадзеных грамадзян суб’екты прафілактыкі валодалі” – піша ў сваім артыкуле Міхаіл Андросенка.

Не зразумела, чым жа тады займаецца аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі Бялыніцкага РАУС, які ўжо даволі шмат гадоў узначальвае падпалкоўнік Аляксандр Манікайла. Вядома, аддзел вельмі шмат увагі надае дзейнасці мясцовых праваабаронцаў і сяброў дэмакратычных грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Магчыма, было б нашмат лепш для ўсіх жыхароў раёна, каб ён займаўся сваёй непасрэднай працай па прафілактыцы крымінальных злачынстваў…

Яшчэ больш рэзка пракурор Бялыніцкага раёна выказаўся наконт праводзімай у раёне працы па сацыяльнай рэадаптацыі былых зняволеных: “Як сведчыць міліцэйская статыстыка, палова ўсіх злачынстваў і правапарушэнняў адбываецца ў Бялынічах. Калі ў сельсаветах работа па выкананні закона аб прафілактыцы ў той ці іншай ступені праводзіцца, то ў самім райцэнтры грамадскія пункты правапарадку яшчэ не створаны. Не заўважаецца і дзейнасці назіральнай камісіі пры выканкаме па рабоце з раней судзімымі грамадзянамі і тымі, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, па аказанні ім дапамогі па працаўладкаванн, сацыяльнай рэадаптацыі. А прафілактычная работа з гэтай катэгорыяй грамадзян, якая праводзіцца супрацоўнікамі РАУС, патрабуе значнага паляпшэння. Такім чынам, суб’екты прафілактыкі ў сваім узаемадзеянні дапускаюць істотныя недахопы па выкананні патрабаванняў Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Значыць, неабходна прыняць вычарпальныя і эфектыўныя меры па стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў раёне шляхам наладжвання сістэмнай выніковай работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі”  - робіць выснову Міхаіл Андросенка.

Праваабаронцы ўжо агучвалі інфармацыю пра тое, якія вялікія праблемы з рэсацыялізацыяй раней судзімых асоб у існуюць у Бялыніцкім раёне. Добра, што і пракурор раёна нарэшце звярнуў увагу на недахопы ў працы па сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных і прафілактыцы правапарушэнняў, бо гэта дае надзею, што нейкія станоўчыя зрухі ў вырашэнні гэтай праблемы ўсё ж адбудуцца.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства