viasna on patreon

У Гомелі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» сабрала на плошчы больш за сотню чалавек (фота)

2011 2011-06-09T09:15:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-kontakt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маладзёвая акцыя пратэсту адбылася ўвечары на цэнтральнай плошчы Гомеля. На заклік суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», якая створана на сайце «Вконтакте» адгукнуліся больш за сто чалавек, якія прыйшлі на галоўную ў Гомелі плошчу Леніна. Натоўп людзей раптоўна ўзнік на плошчы, якая звычайна пустуе. Большасць – маладзёны, але было колькі чалавек і сталага веку. Некаторыя прыйшлі цэлымі сем'ямі. Хлопцы і дзяўчаты сышліся па групках і размаўлялі паміж сабой. Нехта прыехаў на скейтбордзе, на ровары. Людзі здзіўляліся, як шмат іх сабралася. Усе чакалі, што прыйдуць міліцыянты і пачнуць перашкаджаць сходу. Але гэтага не адбылося – людзі ў форме такі і не з'явіліся. Маладзёвыя дэмакратычныя актывісты таксама прыйшлі на плошчу, але было відаць, што асноўная частка моладзі не звязаная з палітычнымі ды грамадскімі рухамі. За паўгадзіны акцыі ніхто не вымаўляў ніякіх лозунгаў і не карыстаўся сімволікай – як і было абгаворана ва ўмовах акцыі. Людзі мірна разышліся і дамовіліся чакаць наступнай сустрэчы, спадзеючыся, што на яе прыйдзе яшчэ больш удзельнікаў. Дарэчы, ёсць верагоднасць, што нехта паспрабаваў сарваць акцыю ў Гомелі. На старонцы «Вконтакте» нечакана змяніўся час сустрэчы – замест 19.00 стала 18.00. Таму некаторыя людзі прыйшлі на плошчу на гадзіну раней. Але большасць з іх не сышла і засталася чакаць часу, аб якім дамаўляліся раней. “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства