viasna on patreon

Беларускія анархісты: працяг судовага працэсу

2011 2011-05-20T11:39:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anarchi-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 траўня адбыўся другі дзень судовага паседжаньню па справе Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Ігара Аліневіча, Максіма Веткіна й Яўгена Сілівончыка.

У гэты дзень адбыліся выступы прадстаўніка страхавой кампаніі, сьведкаў, а таксама азнаёміліся з матэрыяламі справы. Прадстаўнік грамадзянскага істца даслаў хадайніцтва разглядаць у іх адсутнасьці.

Прадстаўнік страхавой кампаніі паведаміў, што яны кампэнсавалі пагарэлы аўтамабіль “Мазда” расейскай амбасадзе, агульным коштам у 17  028 даляраў, таму просяць спагнаць з віноўных у падпале гэтую суму.

Сьведка Ўладзімер Аліневіч (бацька абвінавачанага Ігара Аліневіча) адмовіўся сьведчыць супраць сына.

Палкоўнік Уладзімер Ермакоў, намесьнік кіраўніка Генштабу міністэрства абароны, распавёў пра падзеі 19 верасьня 2009 г. Пры гэтым асабіста дзеяньняў маладых людзей ня бачыў, толькі пазьней на відэа. Патлумачыў, што пашкоджаньняў не было, праца генштабу дэзарганізаваная не была, толькі ўзмоцнілі ахову.

Наступны сьведка Жынгероўскі Аляксей распавёў, што падчас сьледзтва на яго аказваўся ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, якія пагражалі зьняволеньнем, праблемамі на вучобе. На той момант ён меў статус падазронага. У выніку першых допытаў пад ціскам падпісаў хлусьлівы пратакол, у якім агаварыў Дзядка й Францкевіча. У судзе пацьвердзіў свае паказаньні з 26 кастрычніка 2010 г., у якіх адмаўлялася арганізатарская роля Дзядка ў акцыі пад Генштабам, яго ўдзел у нападзе на офіс прафсаюзаў у Менску,  а таксама ўзлом наваполацкага сайта Францкевічам. Пра гэта яму нічога не вядома. Падчас акцыі 19 верасьня 2009 г. паспрабаваў намаляваць графіці, а потым зьбег, таму саміх дзеяньняў ня бачыў.

Дзьмітрый Пачобут, дзяжурны па Генштабу 19 верасьня 2009 г. Таксама пацьвердзіў, што зрыву парцы ўстановы не было.

Ксенія Каўко, разам з Жынгероўскім малявала графіці 19 верасьня 2009 г.. Таксама пад ціскам КДБ падпісала пратакол, што балон з фарбай даў Дзядок, хаця на той момант яго ня ведала. Чыкісты пагражалі зьняволеньнем і крычалі, дапытвалі на працягу цэлага дня.

Ігар Багачык, былы падазроны па гэтай справе. Распавёў пра свой удзел у акцыі пад Генштабам. Дзядка там не памятае, адмаўляе факт каардынацыі. Таксама зазначыў пра ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і УБАЗ (ГУБОП), прымушалі агаварыць Дзядка, пагражалі сэксуальным гвалтам, выклікалі на допыты бацькоў, пагражалі іх зволіць.

Сьведка Аляксандр Бугаёў 9 дзён знаходзіўся пад вартай, дзе яму пагражалі, на Рэвалюцыйнай сьледчы Літвінаў ударыў дубінкай па каленцы й твары. Патрабавалі сазнацца ў акцыях, агаварыць Аліневіча. Каардынацыйную ролю кагосьці 19 верасьня 2009 г. адмаўляе. Намер на кіданьне дымавой шашкі ўдзельнікі ня мелі.

Пасьля перапынку дапыталі сьведку Сяргея Сьлюсара. Таксама ўдзельнічаў у акцыі пад Генштабаў, помніць дрэнна. Жыў каля месяца з Францкевічам і Дзядком. Нічога з абвінавачаньня не пацьвердзіў.

Пасьля допыту сьведак працягнулі азнакамленьне зь пісьмовымі матэрыяламі справы. У 5 томе прысутнічала інфармацыя пра тэлефонныя злучэньні, пры гэтым там фігуравалі нумары, якія не належаць абвінавачаным. Дакладна вызначанае толькі месца знаходжаньня Францкевіча й Сілівончыка 9 сакавіка 2010 г. у Салігорску, што апошнія не адмаўлялі.

Маецца вялікая колькасьць заключэньняў экспэртаў, якія не даюць нейкая канкрэтнай інфармацыі пра інцыдэнты. Па кампутарнай экспэртызе адносна шкодных праграм адваката Францкевіча Каклюгін заявіў хадайіцтва дапытаць экспэрта для ўдакладненьня некаторых момантаў, судзьдзя хадайніцтва задаволіла. Дакладных высноваў, што наваполацкі сайт зламаў Францкевіч, экспэртыза ня мае.

Зачыталі пратаколы даглядаў месцаў здарэньня. У томе 7 зьмяшчаюцца пратаколы затрыманьня абвінавачаных. Так, Мікалая Дзядка перазатрымлівалі 7 разоў, на што ён зьвяртае ўвагу, але ў справе адсутнічае адзін пратакол яго затрыманьня – з 12 па 15 верасьня 2010 г. Па інфармацыі адваката, падставай затрыманьня было падазрэньне ў бытавым крадзяжы.

У адным з пратаколаў затрыманьня няслушна напісана прозьвішча Францкевіча, належным чынам не выпраўлены.

 У томе 8 у пратаколе затрыманьня Ігара Аліневіча фігуруе аўтатраншпартны пункт-пропуск Радзькі Дубровінскага р-ну Віцебскай вобласьці, хаця сапраўднае месца затрыманьня – Масква.

Увечары пачаўся агляд відэа-матэрыялаў. Па нападу на расейскую амбасаду бачныя толькі дзьве закінутыя вогненныя плямы адна за адной без наступстваў, відэа-назіраньне ўдзень пад будынкам. Невялікае відэа з акцыі пад Генэральным штабам, натоўп ідзе з лёзунгамі па адной паласе, машыны езьдзяць, бачна дымавая шашка. Дрэннай якасьці відэа нападу на Шангры Ла й Дом прафсаюзаў, апазнаць кагосьці і нават колькасьць асобаў немагчыма. Відэа з падпалу Беларусбанка адсутнічае. Адзін дыск быў прабіты дыраколам.

Напрыканцы быў дасьледаваны запіс размовы Дзядка з сукамернікам. На працягу 60 сутак была санкцыянаваная праслухоўка камэры Мікалая. Размова датуецца 2 кастрычнікам, адразу пасьля пераводу з ІЧУ на Акрэсьціна. На стужцы чутно настойлівае патрабаваньне сукамерніка распавесьці пра акцыю й яго ролю, рэдкія, неадназначныя паддаківаючыя адказы Дзядка, які потым патлумачыў, што гэты чалавек прадставіўся галоўным у камеры, адразу пачаў распытваць яго. На той момант Дзядок быў стомлены з дарогі, хацеў адпачнуць, паддаківаў каб хутчэй адчапіўся, а  пазьней меў праблемы з гэтым чалавекам. Судзьдзя лічыць, што гэтая размова пацьвярджае актыўны ўдзел Дзядка у акцыі пад Генштабам, яго каардынацыйную функцыю.    

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства