viasna on patreon

“Інвентарызацыя” па-віцебску або несанкцыянаваныя ператрусы ў жылых дамах

2011 2011-05-19T16:00:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebskinventarf1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віцебску, нягледзячы на заявы па БТ пра знойдзеныя  “лабараторыі тэрарыстаў”, усё яшчэ нешта шукаюць у падвалах  мясовых жыхароў. 18 траўня на пад’ездах дамоў па вуліцы Рэпіна,  дзе жылі двое абвінавачаных у тэракце ў мінскім метро 11 красавіка, пачалася прымусовая “інвентарызацыя падвалаў”. Праваабаронца Павел Левінаў  лічыць, што пад такой фармулёўкай  міліцыя рыхтуецца правесці масавыя  несанкцыянаваныя ператрусы.

У аб’явах, прымацаваных да ўваходных дзвярэй у пад’езд, напісана, што кожны дзень да 31 траўня  з 8-ай раніцы да 21-ай  вечара кватэранаймальнікі мусяць забяспечыць вольны доступ у свае падвалы. Бо з мэтамі інвентарызацыі туды прыйдуць работнікі  ЖЭУ №16 і супрацоўнікі РАУС (якога менавіта раёну, не пазначана).

Праваабаронца Павел Левінаў перакананы, што такі прымус незаконны:

“Ёсць правілы ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджаныя ў 1999 годзе. У адпаведнасці з пунктам 6.4 гэтых правілаў, наймальнік або ўласнік кватэры абавязаны забяспечыць доступ у свой падвал работнікам, якія адказваюць за абслугоўванне і  рамонт жыллёвага фонду. Але не работнікам міліцыі! І то – для праверкі тэхнічнага ці санітарнага  стану памяшкання, або для правядзення рамонтныхі аварыйных работ. Ні пра якую інвентарызацыю ў гэтым нарматыўным дакуменце не гаворыцца”.

Калі гаворка ідзе пра інвентарызацыю маёмасці, якая захоўваецца грамадзянамі ў падвальных памяшканнях памерам два на два метры, то яна цалкам незаконная, падкрэслівае праваабаронца. Аглядаць маёмасць міліцыянты могуць толькі з санкцыяй пракурора на ператрус, або маючы звесткі, што менавіта ў гэтым месцы ў дадзены канкрэтны час адбываецца парушэнне закону. Апошні аргумент выключаны, бо інвентарызацыя, згодна з аб’явай, будзе праводзіцца два тыдні.

Калі ж пад інвентарызацыяй разумець нейкі агляд агульнага памяшкання, то пералічыць памяшканні, правесці нейкія вонкавыя замеры можна і  ў адсутнасць уласнікаў, працягвае праваабаронца:

“ Калі ёсць патрэба пералічыць дзверы ў агульным калідоры, праставіць нумары ці нешта такое – калі ласка! Але ж у абяве адкрытым тэкстам пагражаюць, што будуць ламаць дзверы, калі гаспадары не адчыняць свае падвальчыкі. Значыць, супрацоўнікам міліцыі і работнікам ЖЭУ усе-ткі трэба трапіць унутр? А пад гвалтоўнае ўскрыцце можа трапіць хто заўгодна: канкрэтны дзень і час не пазначаны – значыць, або не хадзі на працу ды чакай “інвентарызатараў”, або потым не крыўдуй?”

Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце віцебскіх хлопцаў падзялілася сваімі меркаваннямі:

“ Наш падвал аглядалі ўжо двойчы – калі рабілі ператрусы ў нашай кватэры. Першы ператрус быў уночы 13 красавіка, у мяне ёсць пратакол. Другі раз ператрус у кватэры і ў падвале рабілі без аніякага пратаколу, і нават панятых прывезлі з сабой, а не ўзялі суседзяў, як было раней. Мяне дома не было, з працы прывезлі майго мужа, які ў кватэры нават не прапісаны, забаранілі яму перасоўвацца па кватэры, а самі рабілі што хацелі. Што забралі ў выніку і ці было такое ў кватэры ці ў падвале, я дагэтуль не ведаю”.

Спадарыня гаворыць, што мае сумненні  адносна аб’ектыўнасці следства па справе, дзе яе сын выступае ў якасці абвінавачанага. І сваімі меркаваннямі яна адмыслова дзеліцца  журналістамі, бо спадзяецца на дапамогу: пасля публікацыі http://www.spring96.org/be/news/43278 пра тое, што яна нават не ведае імя следчага па справе і не атрымлівае ад сына лістоў, ёй адразу паведамілі і імя, і нават нумар мабільнага тэлефону. А праз колькі дзён з ізалятару прыйшоў і сынаў ліст… Але кампанія масавых ператрусаў у падвалах не выклікае ў спадарыні даверу.

Аб’явы зьявіліся  толькі 18 траўня, хаця  кампанія  “інвэнтарызацыі” пачалася яшчэ тры дні таму, распавядае жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Рэпіна:

“Звоніць міліцыянт у дзверы, пытаецца: “У вас есць памяшканне ў скляпенні?” Кажу, што ёсць, спускаюся. Некалькі чалавек у падвале ходзяць і нейкі дзядзька пэндзлікам крэмзае на дзвярах нумары. Міліцыянт пытаецца: “Ну, дзе твой? Пайшлі!” А каму гэта якая справа, што ў мяне там ляжыць? Колькі ў мяне там бульбы захоўваецца дый увогуле што ў мяне там ёсць?”

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства