Глыбоцкая фінансавая міліцыя цікавіцца сайтам knihi.net
Не тое, каб супрацоўнікі вырашылі замаўляць сабе кнігі па беларускай гісторыі ці літаратуры – а менавіта такія заяўкі каардынаваліся на сайце, які ўжо з год як не працуе. У райаддзел глыбоцкай фінансавай міліцыі цяпер выклікаюць на допыты ўсіх, хто дасылаў на яго замовы.
Адным з тых, каго выклікалі ў фінансавую міліцыю, быў глыбоцкі журналіст, адзін з аўтараў незадежнага сайта www.westki.info Кастусь Шыталь:
“Супрацоўнік аддзела пытаўся, ці ведомае мне прозвішча Яўдаха, ці я атрымліваў поштай пасылкі з кнігамі, і ці замаўляў кнігі праз сайт knihi.net. Я адказаў, што за апошнія гады атрымаў і адправіў дастаткова шмат пасылак і пераводаў, таму не памятаю, ці атрымліваў што-небудзь менавіта ад спадара Яўдахі”.
Журналіст распавёў, што падчас размовы ўбачыў на стале ў супрацоўніка спіс з пятнаццаці чалавек. У спісе былі і яго знаёмыя -- студэнты з Паставаў. Таксама ў спісе былі людзі з Глыбокага і Браслава.
На допытах у глыбоцкім аддзел дэпартамента фінансавых расследванняў пабывалі ўжо некалькі чалавек, у тым ліку знаёмыя спадару Шыталю настаўнік з Глыбокага і святар з Браслаўшчыны.
Ужо больш як год у розных рэгіёнах Беларусі перыядычна праводзяцца допыты пра “кніжны” сайт, які папулярызаваў беларускую літаратуру, даючы кожнаму ахвотнаму магчымасць атрымаць патрэбную ці ўпадабаную кнігу. Арганізатараў гэтай ініцыятывы і стваральнікаў сайту спрабуюць абвінаваціць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, і ў межах гэтай справы час ад часу праводзяцца нейкія праверкі. Сама справа, як кажуць “падвісла” – яе не зачыняюць, хаця пэўных доказаў парушэння закону няма.
“Праваабарончая хроніка”