Пасля скаргі журналіста з міліцыянтамі правялі ідэалагічны занятак па беларускай мове
Пасля скаргі журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча на супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання з нагоды таго, што яны не валодаюць беларускай мовай і з беларускамоўным чалавекам размаўляюць па-руску, тым самым парушаючы закон “Аб мовах”, з міліцыянтамі ў межах ідэалагічнай падрыхтоўкі правялі занятак на тэму “Вывучэнне беларускай мовы як умова ўзвышэння правесійнай і прававой культуры, фармаванне станоўчых установак у практычнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.
Акрамя гэтага ў адказе, які атрымаў Уладзімір Лапцэвіч за подпісам начальніка ізалятара Паўлава, адзначаецца, што ўсе супрацоўнікі ўнутраных спраў Беларусі ведаюць беларускую мову на ўзроўні атрыманай імі сярэдняй адукацыі. Правядзенне заняткаў з міліцыянтамі па вывучэнні беларускай мовы, як таго прасіў журналіст, нарматыўнымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь не прадугледжана.
“Тое што я атрымаў у адказе, - гаворыць журналіст, - гэта звычайная адпіска. Адказ не па сутнасці. Супрацоўнікі ізалятара не валодаюць беларускай мовай і са мной яны размаўлі па-руску. Мне не цікава, якія яны там заняткі праводзяць. У дачыненні да мяне былі парушаны мае канстытуцыйныя правы на права карыстання беларускай мовай і права атрымліваць адказы на той мове, на якой я размаўляю. З гэтай нагоды я збіраюся падаваць скаргу ў суд, каб суд раставіў кропкі над “і” у пытанні - ці адпавядаюць супрацоўнікі ізалятара сваім службовым пасадам?”.
Нагадаем, што ў Дзень Волі 25 сакавіка Уладзімір Лапцэвіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў раёне плошчы Зорак. Журналіст выконваў свае прафесійныя абавязкі па асвятленні акцыі дэмакратычных сілаў Магілёва. Тым не менш суддзя Ленінскага раённага суда Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, у выніку чаго ён быў асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту.
“Праваабарончая хроніка”