viasna on patreon

Зміцера Салаўёва дапыталі ў вайсковай контрвыведцы

2011 2011-03-20T11:37:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salaujeu-dzmitryj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі Руху  БНФ “Адраджэнне” Зміцера Салаўёва 19 сакавіка выклікалі на допыт ва ўпраўленне вайсковай контрвыведкі. Допыт адбываўся ў горадзе Мінску па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 29 у перыяд часу з 14-20 па 16-35. Дапытвалі Зміцера Салаўёва ў якасці сведкі падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года ў межах расследвання крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Допыт праводзіў дазнаўца ўпраўлення вайсковай контрвыведкі маёр П. А. Траўлька.

Па словах Зміцера Салаўёва, ён даў падпіску аб неразгалошваннні, таму не можа распавесці падрабязнасцей таго, што цікавіла супрацоўніка контрвыведкі.

- Адзінае, магу адзначыць, што ў мяне склалася асабістае ўражанне, што супрацоўнікі вайсковай контрвыведкі сапраўды хочуць разабрацца ў ходзе падзей, якія адбываліся на Плошчы, - кажа Зміцер Салаўёў. – Яны актыўна шукаюць тых людзей, якія пашкодзілі будынак Дома ўраду, правакавалі людзей на гвалтоўныя дзеянні. Таксама хачу адзначыць, што супрацоўнікі вайсковай контрвыведкі паводзілі сябе ветліва, палітычнымі аспектамі маёй дзейнасці не цікавіліся, іх цікавіла менавіта храналогія падзей, што адбываліся на Плошчы.

Нагадаем, што раней Зміцера Салаўёва ўжо дапытвалі ў якасці сведкі аб падзеях 19 снежня супрацоўнікі Магілёўскага ўпраўлення КДБ. 31 студзеня 2011 года Зміцера дапытаў аб падзеях на Плошчы супрацоўнік УКДБ па Магілёўскай вобласці Андрэй Махуноў. Тады следчага, акрамя падзей на Плошчы, вельмі зацікавіў верш Янкі Купалы “На сход”, што быў знойдзены на канфіскаваным камп’ютары. У прыватнасці, супрацоўніка КДБ вельмі цікавіла, «хто падрыхтаваў гэта дакумент і каму ён належыць».

15 студзеня 2011 года ў кватэры Зміцера Салаўёва адбыўся ператрус, які правялі супрацоўнікі КДБ. Падчас вобшуку былі канфіскаваныя сістэмны блок камп’ютара, відэакамера, флэшка і два бел-чырвона-белыя сцягі, якія не вернутыя гаспадару да гэтага часу. Зміцер Салаўёў падаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў КДБ у Ленінскі раённы суд г. Магілёва.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства