Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Чарговы выпуск складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Па-ранейшаму, асноўныя факты парушэнняў правоў чалавека так ці інакш звязаныя з мірнай дэманстрацыяй пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Плошча-2010, што прайшла 19 снежня ў сталіцы. Ні на дзень не спыняюцца допыты і ператрусы ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. У выніку - новыя штрафы і суткі. Расповед пра гэта ў рубрыцы "Хроніка перасьледу".
Знаёмім вас з высновамі назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. На мінулым тыдні быў завершаны першы месяц працы замежных праваабаронцаў у нашай краіне. Тым часам, пасьля закрыцця офіса АБСЕ ў Менску, гэтая назіральная місія засталася амаль адзіным міжнародным інструментам маніторынгу сітуацыі ў краіне. Пра гэта ў рубрыцы “Падзея тыдня”.
Госць нашай праграмы – Сабіра Атакішыева, маці маці змешчанага ў СІЗА КДБ расіяніна Івана Гапонава. 24 студзеня ёй паведамілі аб тым, што супраць яе сына распачатая працэдура пазбаўлення віду на жыхарства ў Беларусі. Інфармацыя аб гэтым паступіла з двух крыніц -- ад адваката Івана і з расійскай амбасады. Іван Гапонаў і яго сям’я жывуць у Беларусі з 1996 года. Іван, маці якога родам з Кіргізіі, а бацька – з Расіі, скончыў школу ў Беларусі і добра валодае беларускай мовай.
Спачатку сям’я жыла ў Мінску, потым пераехала ў пасёлак Свіслач Пухавіцкага раёну. У Беларусь прыехалі з Латвіі ў статусе грамадзянаў Расіі, якімі сталі яшчэ ў 1995 годзе. У сям’і было трое маленькіх дзяцей – Іван, яго брат і сястра. Пераезду ў Беларусь паспрыяла тое, што ў бацькі Івана на той час тут была праца, а маці, наадварот, у латвійскім Ветспілсе працу страціла. На радзіму ў Кіргізію паехаць было немагчыма, а ў Расіі нікога са сваякоў няма. Сабіра Атакішыева ўзгадавае падзеі 19 снежня і словы сына аб тым што ён не можа застацца ў баку, калі тысячы грамадзянаў выказваюць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта.
Завершыць праграму традыцыйная рубрыка “Захаваем жыцьцё”, прысвечаная кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання".
У музычных паўзах прагучаць кампазіцыі з альбому “Смак ажын” паэта і барда Эдуарда Акуліна.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.