viasna on patreon

Сабіра Атакішыева, маці палітзняволенага Івана Гапонава: “Мой сын быў упэўнены, што акцыя будзе мірная”

2011 2011-01-27T12:20:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gaponauivan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: REUTERS з www.2space.net

Фота: REUTERS з www.2space.net

 – Я ведала, што ён ідзе туды, на плошчу –  у нас размова была. Не без гонару магу сказаць: хоць  дзеці дарослыя ўжо, яны з мамай размаўляюць, дзеляцца думкамі, а Ваня –  асабліва. Я ведала, што Ванечка ідзе на плошчу выказаць сваю нязгоду. І ў апошні момант я казала: "Ванечка, ты разумееш, што ты іншага грамадзянства?" У нас гэта пытанне ўзнімалася.

Я была здзіўлена, наколькі Ваня са сваім цвярозым падыходам да розных рэчаў быў ўпэўнены, што гэта мірная акцыя. Я кажу: “Сынулечка, натоўп ёсць натоўп, у якім бы ён выглядзе ні быў. Няхай гэта будзе масавае гулянне нават –  натоўп ёсць натоўп”. Ён кажа: не, мама, масавасць адыгрывае вельмі вялікую ролю.

Ён патэлефанаваў недзе ў пачатку 12-й ночы. Ён адразу сказаў (я не адразу зразумела, што такое аўтазак): “Мама, я ў аўтазаку. Тут вельмі жорстка, мяне арыштавалі”. Відаць, там быў адзін тэлефон  на ўсіх...

Гэта было 19-га. 20-га мы абзвоньвалі ўсе нумары тэлефонаў, яго знайсьці не магла. 21-га снежня  я звярнулася ў расійскае консульства, мне там далі "гарачы" нумар тэлефона і сказалі, што ў любым выпадку шукаць яго яны будуць. Раніцай 21-га мы ў інтэрнэце знайшлі ў спісах людзей менавіта з гэтага аўтазака. Сярод іх была дзяўчына, у якой быў мабільны тэлефон, і яна проста запісала ўсіх, хто знаходзіўся ў аўтазаку, і хуценька смс-кай адтправіла. Фактычна падпольны атрымаўся спіс. Так мы яго знайшлі.

Я зьвязалася з праваабаронцамі. Мне пацвердзілі, што Ванечка знаходдзіцца на Акрэсціна…

Калі ён адбыў 10 сутак, пра гэта было сказана па тэлебачанню. Круціўся ролік менавіта з ім. І акцэнт быў менавіта на тое, што ўсё-ткі ён грамадзянін іншай краіны.

29-га сына адпусцілі. Мы спрабавалі даведацца пра час, калі гэта будзе, каб прыехаць яго забраць. Не, ён прыехаў сам. І –  літаральна пару гадзін, і ўсё… Натуральна, мяне як маму цікавіла, ці няма траўмаў, удараў ... Але не было ніякіх удараў, сінякоў, ран – нічога.  Адзінае, сказалася хранічная хвароба страўніка.  
А потым да нас прыйшлі з нашага мясцовага ўчастка… (Мы жывем у пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёна). Запыталі, дзе Іван Гапонаў, сказалі, што пагаварыць трэба, нават не вядома, з нагоды чаго, прыйшло з Мінска такое распараджэнне. "Ды вы не хвалюйцеся, мы пагаворым і адпусцім". Я на ўсялякі выпадак хуценька сунула яму свой тэлефон, памяняўшы сімкі.

Ён быў гадзіны тры ў гэтым пастарунку. Потым ператэлефанаваў і сказаў: “Мама, мяне забіраюць назад на Акрэсьціна. Яшчэ на трое сутак”. Я кажу: “На падставе чаго? Што? Як? Ты ж адсядзеў на Акрэсціна 10 сутак!” Адказ быў такі: я, кажа, сам не зразумеў, але мне інкрымінуюць актыўны ўдзел. І там як раз яму паказалі кадр, дзе ён знаходзіцца на плошчы.

Ён з'ехаў. Тут жа, літаральна ноччу, старэйшы сын напісаў ад свайго імя ліст у расійскае пасольства. Мы стэлефанаваліся з Ваніным татам, ён цяпер ва Украіне, і ён таксама напісаў ліст у амбасаду. Раніцай, калі я патэлефанавала ўдакладніць адрас, каб напісаць пісьмовую заяву, у амбасадзе ўжо ведалі,  хто я. Як толькі я сказала, што я мама Вані Гапонава, мне адказалі, што ўжо падключылі МЗС, ужо працуюць. У гэты ж вечар расійскае пасольства ўжо нанесла візіт да Ванечкі. Мне перадалі, што самаадчуванне добрае, што ўсё нармальна, але настрой –  не вельмі ... Асабіста я вельмі ўдзячная супрацоўнікам расійскай амбасады –  і як за расійскага грамадзяніна, і проста па-чалавечы.

Я атрымліваю ад сына лісты. Вядома, разумею, што ёсць цэнзура, і як раней, пагаварыць мы не можам. У асноўным гэта жыцейскія размовы. "У мяне ўсё добра, нічога не баліць, настрой добры. Але, з іншага боку, як пісьменнік я нарэшце магу убачыць жыццё ў іншым аспекце ... "

Са словаў адваката і работнікаў расейскай амбасады я ведаю, што ён быў у камеры 58, там 8 чалавек, з эканамічнымі абвінавачаннямі. Потым яго перавялі ў камеру 77, ўбачыла, калі перадавала перадачу. Што за камера, не ведаю.
Нараканняў на ўмовы ўтрымання не было. Мы адразу ж змаглі перадаць Вані цёплыя рэчы. Я хвалююся: ліст могуць прапусціць на волю, калі ў ім напісана, што вельмі дрэнна?..

Калі ён прыйшоў дадому 29 снежня, наша сустрэча была сумбурнай, усе яму імкнуліся на радасцях распавесці нешта.  Я спытала, як у камеры Акрэсціна, бо чытаю такія “ужасцікі” пра ўтрыманне ў аўтазаках, а таксама –  якое было стаўленне да расіянаў. Мы, маўляў,  чытаем пра гэта як чытачы, а ты –  відавочца.  Ён адказаў, што ўмовы ўтрымання вельмі жорсткія, нечалавечыя. Перад тым, як яго пасадзілі ў камеру, яны ў калідоры прастаялі ілбом у сцяны. Ёе кажа: “Мама, гэта ёсць, гэта непазбежна”. Я зразумела, што была цалкам далёкая ад усяго гэтага ...
Я выгадавала траіх дзяцей і вельмі ганаруся тым, што яны сёння менавіта такія, якія ёсць. Вось разгортваюцца падзеі, тыя, якія ёсць, і я думаю: Ваня – малайчына! Не пабаяўся, пайшоў. Не таму пайшоў, што ўсе туды ідуць –  не, ён канкрэтна ішоў выказаць сваю нязгоду. З тым, што на самай справе няма дэмакратыі, што па тэлевізіі фактычна распавядаюць толькі аб адным кандыдаце ў прэзідэнты, што насамрэч няправільна, мякка кажучы…

Ваня ў гэтым жыцці знайшоў сябе. Ён піша. Вядома, ён яшчэ не сфармаваўся як пісьменнік, як паэт. Але ў яго гэта атрымліваецца. І я яму часта пішу ў лістах: сынок, пішы! Нават калі момант такі, што ты заленаваўся, не спыняйся. У цябе зараз ёсць магчымасць убачыць нешта іншае – усе думкі занатоўвай.

У гэтым годзе мы спадзяваліся, што Ваня паступіць на філфак і патрапіць на бюджэтнае адзяленне. Але не хапіла балаў усяго ледзь-ледзь… На платнае ісці ён адмовіўся, хоча працаваць і выдаць сваю кнігу.  

"Я нікога не забіваў, нічога не краў, збройнага супраціву нікому не аказваў. Сумленне маё чыстае. І мне застаецца толькі глядзець гэты “мультфільм” пра сваё жыццё...". Так напісаў 22-гадовы Іван Гапонаў у адным са сваіх лістоў.   

Іншыя матэрыялы па тэме: Расіяніна Івана Гапонава пазбавяць права жыць у Беларусі за ўдзел у Плошчы?

Фота: REUTERS з www.2space.net

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства