viasna on patreon

Салігорск. Давераныя асобы Лукашэнкі ўмешваюцца ў працу камісіяў

2010 2010-12-19T11:41:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/batura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома салігорскім праваабаронцам, давераныя асобы кандыдата А.Лукашэнкі Барыс Батура і Мікалай Ашэйчык праводзілі так званыя "тлумачальныя" гутаркі з некаторымі старшынямі ўчастковых камісій. 

Гутаркі адбываліся 16-га снежня ў будынку мясцовага райвыканкаму ў прысутнасці галоўнага ідэолага раёна Анатоля Казакевіча. Варта адзначыць, што Барыс Батура, губернатар Мінскай вобласці, сумесна з Мікалаем Ашэйчыкам, дэпутатам Мінскага аблсавету, у гэты ж дзень ладзіў сустрэчу з выбаршчыкамі раёна ў Гарадскім палацы культуры. Але, як стала зразумела, гэта была не адзіная мэта яго прыезду ў сталіцу шахцёраў. 

Прадстаўнік БХК у рэгіёне Л.Мархотка лічыць гэткія выклікі старшыняў участковых выбарчых камісіяў "на дыван" вынікам актыўнай дзейнасці кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў Салігорскім раёне:

- Нашы назіральнікі фіксуюць безліч парушэнняў, інфармацыя пра якія актыўна публікуецца ў розных СМІ. Як бачым, рэакцыя з боку ўладаў ідзе імгненная. Мы, канешне, вельмі ўсцешаны, што многія парушэнні аператыўна выпраўляюцца. Але ж робіцца гэта праз яшчэ больш грубыя парушэнні міжнародных нормаў і дзеючага выбарчага заканадаўства. Рэагаваць на памылкі і незаконныя дзеянні ўчастковых камісіяў мусяць найперш тэрытарыяльная камісія і ЦВК, але ж аніяк не ідэолагі выканкаму і ўжо аніяк не давераныя асобы дзеючага прэзідэнта, што займаюць высокія пасады. Такая практыка называецца незаконным умяшальніцтвам старонніх асобаў у працу выбарчых камісій і з'яўляецца незаконнай.

У прыватнасці праваабаронца адзначае факт умяшання вышэйадзначаных асобаў у дзейнасць участковай камісіі №7, старшыня якой, дырэктар сярэдняй школы №2 Дудар, прадставіў праўдзівыя звесткі незалежнаму назіральніку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства