viasna on patreon

Светлагорск: Cтаршыня выбарчай камісіі ўнёс уласныя патрабаванні ў парадак назірання

2010 2010-12-14T11:10:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Маладзёжнага выбарчага ўчастка № 12  у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці Васіль Некрашэвіч адмовіўся акрэдытаваць назіральніка. Патрабаванні да назіральнікаў, якія вызначаны заканадаўствам, В. Некрашэвіч вырашыў дапоўніць сваімі ўласнымі патрабаваннямі.

Гомельская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэнне” накіравала на гэты ўчастак у якасці назіральніка Ірыну Захараву. Участак размешчаны ў інтэрнаце вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”, які знаходзіцца ў Светлагорску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 106.

Аднак 13 снежня, калі І.Захарава прыбыла на ўчастак, старшыня ўчастковай камісіі Некрашэвіч Васіль Мікалаевіч заявіў ёй, што назіральнік павінен пражываць на тэрыторыі ўчастка. Такім чынам, І.Захарава не можа прыступіць да назірання 14 снежня, калі пачынаецца датэрміновае галасаванне.

– Гэты выпадак сведчыць: старшыня камісіі робіць тое, чаго няма ў выбарчым заканадаўстве, і перашкаджае нашаму прадстаўніку ажыццяўляць назіранне, – кажа старшыня рады Гомельскай абласной арганізацыі “БНФ “Адраджэнне” Валерый Пуціцкі (г. Рэчыца). – Такім чынам, выбары на дадзеным участку пачынаюцца не адкрыта і галосна, як гэта вызначана Выбарчым кодэксам.   

Патрабаванне аб тым, каб назіральнік пражываў на тэрыторыі ўчастка, датычыцца толькі назіральнікаў, якія накіраваны групай выбаршчыкаў. Аб гэтым гаворыцца ў Пастанове Цэнтральнай камісіі ад 15 верасня 2010 года № 49. Наконт “уласнага дапаўнення” В.Некрашэвіча падрыхтавана заява ў Светлагорскую раённую выбарчую камісію.

Прадстаўнікі апазіцыйных партый у Светлагорску лічаць, што менавіта падчас датэрміновага галасавання адбываюцца значныя фальсіфікацыі, таму ўлада імкнецца перашкодзіць прысутнасці на ўчастках незалежных назіральнікаў. Каб стварыць бачнасць назірання, участкі запаўняюцца назіральнікамі ад праўладных арганізацый кшталту “Белая Русь” ці БРСМ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства