Затрыманьні на шляху да Кастрычніцкай плошчы
Супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі прыкладна 15
удзельнікаў акцыі, якія спрабавалі зьвярнуць увагу грамадзкасьці на парушэньне
канстытуцыйных правоў грамадзянаў Беларусі.
Прадстаўнікі ініцыятывы "Грамадзянін" усталявалі насупраць будынку
Менгарвыканкаму «Сьцяну ганьбы» — шчыт з прымацаванымі да яго дзясяткамі копіяў
заяў на правядзеньне акцыяў, у якіх было адмоўлена.
Міліцыянты заявілі, што праводзіць пікетаваньне дзяржаўнай установы без дазволу
забаронена.
Тады ўдзельнікі, трымаючы ў руках плякаты "Нам забаранілі гучна
размаўляць", "Нам забаранілі зьбірацца больш за 3 чалавекі",
"Нам забаранілі піць каву", пачалі рухацца па праспэкце Незалежнасьці
ў бок Кастрычніцкай плошчы.
Міліцыянты і людзі ў цывільным затрымалі частку маніфэстантаў, аднак некаторыя
патрапілі дайсьці да Кастрычніцкай. На плошчы акцыя і завяршылася.