За арганізацыю сустрэч выбаршчыкаў Оршы з Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным кіраўнікі іхных раённых штабоў будуць пакараныя
Сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам адбылася 24-га лютага ў Цэнтральным гарадзкім парку Оршы, а з Аляксандрам Казуліным - 11-га сакавіка на гарадзкім кірмашы.
Кіраўніка групы Казуліна, Васіля Берасьнева, міліцыянты затрымалі ўчора позна ўвечары, калі ён вяртаўся дахаты. Пра гэта паведаміў радыё Свабодзе ягоны сын, спадар Андрэй, якому ўдалося даведацца, што ўжо сёньня мусіць адбыцца суд па бацькавай справе. На яго складзены пратакол "за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу" - такім чынам міліцыянты кваліфікавалі перадвыбарчую сустрэчу з Аляксандрам Казуліным на гарадзкім кірмашы 11-га сакавіка.
За арганізацыю падобнай сустрэчы з кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам будуць судзіць і кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Васіля Леўчанкава, якога затрымалі сёньня зранку на парозе ўласнае кватэры. 2-га сакавіка спадара Леўчанкава ўжо выклікалі ў міліцыю, дзе ён даваў тлумачэньні пра сустрэчу з кандыдатам 24-га лютага ў Цэнтральным гарадзкім парку. У часе тае сустрэчы свае прэтэнзіі да арганізатараў выказала старшыня гарадзкой выбарчай камісіі спадарыня Захаранкава: паводле ейнага меркаваньня, сустрэчы з кандыдатамі мусяць праходзіць у адпаведнасьці з законам пра ўсе іншыя вулічныя акцыі, дазвол на якія трэба прасіць у гарвыканкаме за 15 дзён. Цяпер кіраўніка аршанскай каманды А.Мілінкевіча вінавацяць у "арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу".