viasna on patreon

Брагінская газета выканала інструкцыю – змясціла «правільныя» адказы на пытанні

2010 2010-12-02T13:48:37+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/majakpaliessiasait.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незалежныя СМІ, у прыватнасці, сайт «Беларускі партызан», размясцілі інфармацыю пра тое, што галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама даслала ў рэдакцыі дзяржаўных газет ліст з прапановай правесці апытанне жыхароў вобласці на тэму прэзідэнцкіх выбараў. У згаданым лісце ўпраўлення ідэалогіі былі не толькі прапанаваныя для апытання пытанні, але і падрыхтаваныя ідэалагічна правільныя адказы на іх.

Напрыклад, на пытанне «Ці адчуваеце вы, што ў краіне пачалася выбарчая кампанія?» у якасці варыянта быў падрыхтаваны «адказ» вуснамі невядомых рэспандэнтаў: «Не, пакуль нічога не бачу, думаў, кандыдаты будуць актыўней. Кандыдаты працуюць слаба – амаль нідзе не відаць ні плакатаў, ні ўлётак». Яшчэ пра альтэрнатыўных кандыдатаў рэспандэнты па загаду ідэалогіі мусілі былі сказаць, што «яны ўсе на адзін твар, і там няма нічога разумнага і цікавага, ніхто з іх не ведае, як кіраваць краінай, усе гаварылі дрэнна і няўпэўнена, былі не падрыхтаваныя, як быццам людзі з вуліцы. Вечар сапсаваны, лепш бы паказалі добры фільм».

Можна сумнявацца ў рэальнасці дадзенага ліста з загадамі, як праводзіць апытанні і якія адказы пісаць, а можна прагледзець мясцовую прэсу і зрабіць высновы самастойна – быў такі ліст, ці не было.

Напрыклад, брагінская раённая газета «Маяк Палесся» чамусьці запыталася ў рэспандэнта менавіта тое, што прапанавалі пытацца і ідэолагі: «Ці адчуваеце вы набліжэнне выбараў?».

Галоўны захавальнік фондаў Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзея Мялешка адказала правільна, як таго і патрабавалася ідэалогіяй, як кажуць – проста ў кропку трапіла! «У цяперашні час сачу за выступленнямі кандыдатаў у прэзідэнты, але пакуль, на жаль, ні адно з іх жывой цікавасці не выклікала. Складваецца ўражанне, што гэта цалкам непадрыхтаваныя і нявопытныя людзі, якія не маюць дакладных уяўленняў аб далейшым шляху развіцця краіны. Многае зводзіцца толькі да крытыкі дзеянняў цяперашняга кіраўніка дзяржавы і абяцанням ўсё змяніць, хоць незразумела, што збіраюцца «будаваць» самі».

Дадаткова рэспандэнт адзначыла, што «прыемна, што годную адзнаку арганізацыйнаму працэсу выбарчай кампаніі далі прадстаўнікі АБСЕ, якія пабылі на Брагіншчыне ў якасці назіральнікаў». Не ведаем, што яна мела на ўвазе пад «годнай адзнакай», але ведаем, што назіральнікі АБСЕ звычайна не даюць ніякіх ацэнак да заканчэння выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства