Незалежным газэтам "Товарищ", "Народная Воля" і "БДГ. Деловая газета" адмоўлена ў друку дырэктарам Смаленскага паліграфічнага камбіната
Дырэктар Смаленскага паліграфічнага камбінату Анатоль Гучаў паведаміў агенцтву БелаПАН, што яго прадпрыемства скасавала дамовы на друк беларускіх выданняў "Товарищ", "Народная Воля" і "БДГ. Деловая газета" з прычыны невыканання імі сваіх абавязальніцтваў.
"Дамовы скасаваныя як па эканамічных, гэтак жа і па палітычных прычынах, - сказаў БелаПАН А. Гучаў. Беларускія газеты маюць запазычнасць перад камбінатам, а таксама, па нашых звестках, яны выкарыстоўваюць для аплаты паслугаў не свае сродкі. Мы працуем на давальніцкай сыравіне, а гэтыя газеты выкарыстоўвалі нашы ўласныя сродкі і сыравіну. Акрамя ўсяго іншага, мы не хочам гуляць у палітычныя гульні. Я не разумею, чаму гэтыя газеты не друкуюцца ў вас, у Беларусі? Калі ў іх ёсць ліцэнзіі на выдаванне, чаго яны звяртаюцца да нас у Расію? Апазіцыйныя гэта газеты ці не - мне ўсё роўна, я не цэнзар, але выкарыстоўваць камбінат як пляцоўку для перадвыбарнай барацьбы не дам. Калі гэтыя газеты штосьці парушылі, няхай іх пазбаўляе ліцэнзій беларускае міністэрства друку. Але галоўнае тое, што яны не заплацілі. Кажуць, што грошы вось-вось прыйдуць, а іх няма на нашым рахунку", - сказаў А. Гучаў БелаПАН.