Amnesty International занепакоеная затрыманнямі беларусаў ва Ўкраіне
Amnesty International ва Ўкраіне выступіла з заявай у справе затрымання беларускіх і ўкраінскіх грамадзян у Жытоміры па падозранні у распаўсюдзе наркотыкаў. Праваабаронцы заклікалі ўкраінскую ўладу правесці аператыўнае і бесстаронняе расследаванне дзеянняў міліцыянтаў.
У прыватнасці, Amnesty International вымагае расследаваць
факты збіцця Арцёма Дубскага і Ігара Коктыша работнікамі міліцыі. Таксама
праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што міліцыянты трапілі ў кватэру без
належнага дазволу і з выкарыстаннем падману. Акрамя таго, Amnesty International,
заклікае ўлады забяспечыць ўнясенне зменаў да Адміністрацыйнага кодэксу, каб
гарантаваць доступ да адваката ўсім затрыманым з самага пачатку.
Нагадаем, Ігар Коктыш, Ірына Цюцюнік, Таццяна і Віталь Цішчанкі, Арцём Дубскі і
Аляксей Закшэўскі былі затрыманыя 3 лістапада ў Жытоміры. Вызвалілі іх толькі ўвечары
6 лістапада пасля таго, як іх адвакат сустрэўся з пракурорам вобласці з
патрабаваннем убачыць затрыманых.
"Гэты выпадак падкрэслівае даўно наяўную праблему ва Ўкраіне, што людзі,
затрыманыя згодна з Адміністрацыйным кодэксам, могуць утрымлівацца міліцыяй
трое сутак без доступу да адваката. Яны з'яўляюцца пазбаўленымі асноўных
гарантый, якія могуць абараніць іх ад ужывання катаванняў і іншых формаў
жорсткіх паводзінаў", - адзначаецца ў заяве Amnesty International.