viasna on patreon

Заява Рады Грамадскага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў сувязі з перасьледам ўдзельнікаў мірных акцый

2003 2003-03-28T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады працягваюць парушаць правы грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы
12, 23, 25 сакавіка 2003 года ў Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, якія не стваралі пагрозы грамадскаму парадку.Пасьля гэтых акцыяў было асуджана 38 асобаў. З іх былі зьняволеныя 24 асобы, 6 атрымалі штрафы, 8 – папярэджаньні.

Асаблівую заклапочанасьць выклікае тое, што па выніках судоў не быў апраўданы ніводзін з затрыманых удзельнікаў акцый. Суддзі выносілі неабгрунтавана жорсткія абвінаваўчыя пастановы, нават ў тых выпадках, калі віна ўдзельнікаў акцый не была даказана, а паказаньні сьведкаў былі непасьлядоўнымі і супярэчлівымі.

Назіраецца небясьпечная тэндэнцыя -- суды не выносяць апраўдальных пастановаў па адміністратыўнах справах удзельнікаў мірных акцый. Суддзі пры вынясеньні пастановаў не праводзяць поўны і ўсебаковы разгляд такіх справаў, абмяжоўваюцца стандартнымі паказаньнямі сьведкаў – супрацоўнікаў міліцыі, якія зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі і часта займаюцца ілжэсьведчаньнямі. Гэта сьведчыць пра тое, што суды зьяўляюцца залежнымі і неаб’ектыўнымі.

Мы зьвяртаем увагу, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, суды павінны быць незалежнымі. Пры вынясеньні рашэньня па справе судзя павінен кіравацца толькі тымі фактамі, якія зьяўляюцца даказанымі. Згодна з рашэньнем Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 1999 года, суды пры разглядзе справаў павінны кіравацца прынцыпам прэзумпцыі невінаватасьці.

Мы патрабуем спыніць перасьлед, у тым ліку -- судовы, удзельнікаў мірных акцый.

Мінск,
28 сакавіка 2003 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства