Наваполацкі грамадзкі актывіст Аляксей Трубкін атрымаў штраф памерам у 145 тысячаў рублёў
Як паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА, гэткім быў вынік паседжаньня адміністратыўнай камісіі Наваполацкага гарвыканкаму, што адбылося 23 лютага. А.Трубкін абвінавачваўся ў зьдзяйсьненьні шэрагу правапарушэньняў.
За два тыдні лютага Аляксея Трубкіна чатыры разы затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі: двойчы — за распаўсюд дэмакратычнай прэсы (якая, дарэчы, мела ўсе неабходныя выходныя дадзеныя), аднойчы — за тое, што ён фатаграфаваў надпіс “Хочам новага” на адной са сьценаў у горадзе.
Яшчэ адно затрыманьне адбылося 13 лютага. У гэты дзень Аляксей разьмяшчаў налепкі на адмыслова адведзеным для гэтага месцы, каля крамы “Паўлінка” ў родным Наваполацку. Пры затрыманьні маладому чалавеку было інкрымінавана тое, што некаторыя з налепкаў ня мелі выходных дадзеных.
Напачатку паседжаньня адміністратыўнай камісіі яе старшыня Пётар Гусараў папрасіў людей, якія ня мелі дачыненьня да гэтай справы, а таксама “тых, хто не з’яўляецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”, пакінуць памяшканьне, дзе адбывалася паседжаньне. Пад “не-грамадзянамі” нашай краіны меліся на ўвазе назіральнікі ад АБСЭ, якія цяпер працуюць у Полацкім рэгіёне і прыйшлі, каб папрысутнічаць на паседжаньні адміністратыўнай камісіі. Пры гэтым П. Гусараў “забыўся” на той факт, што паводле беларускага заканадаўства, слуханьні па ўсіх адміністратыўных справах зьяўляюцца адчыненымі.
Пры вынясеньні рашэньня камісія не зьвярнула ўвагі на заўвагі Аляксея Трубкіна, які казаў, што налепкі не зьяўляюцца друкаванымі матэрыяламі ў поўным сэнсе гэтага слова, таму і прысутнасьць выходных дадзеных на іх ня ёсьць неабходнай. Да таго ж, частка 3 артыкула 172 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях (паводле якой і абвінавачваўся грамадзкі актывіст) мае на ўвазе распаўсюд друкаваных матэрыялаў, якія ставяць пад пагрозу дзяржаўны і грамадзкі парадак альбо абражаюць правы чалавека ці законныя інтарэсы грамадзянаў. Якім чынам маленькая налепка з лічбай “16” у сінім коле (больш ніякага тэксту ці іншых сымбаляў на ёй не было) пагражала парадку альбо абражала правы чалавека, камісія актывісту не патлумачыла.
Цяпер А. Трубкіну давядзецца заплаціць 145 тысяч рублёў штрафу. Гэта максімальны вырак, які прадугледжвае дадзены артыкул адміністратыўнага кодэксу. Дарэчы, падчас кампаніі па зборы подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксею давялося пад ціскам начальства звольніцца з працы ў адной з установаў культуры. Штраф, які яму давядзецца плаціць, удвая большы за заробак, які ён атрымліваў на сваёй працы.