У Магілёве быў затрыманы кіраўнік абласнога штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімір Шанцаў
У Магілёве быў затрыманы кіраўнік абласнога штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімір Шанцаў, які прывёз з Мінска ў вобласць 26 000 афіцыйных перадвыбарных улётак А.Мілінкевіча і 400 асобнікаў газеты "Товарищ".
Актывіста прывезлі ў Ленінскі РАУС г.Магілёва, дзе 36 супрацоўнікаў міліцыі да раніцы пералічвалі ўсю друкаваную прадукцыю. Улёткі і газеты забралі, патлумачыўшы гэта неабходнасцю праверкі і зместу. Супрацоўнікі міліцыі праігнаравалі пратэсты У. Шанцава, які даводзіў, што ён - давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты, што улёткі надрукаваныя за кошт сродкаў, выдаткаваных ЦВК, і што "Товарищ" - зарэгістраванае друкаванае выданне. Актывіст мае намер абскарджваць дзеянні міліцыянтаў.
У той жа дзень у раённым цэнтры Ветка міліцыя затрымала Марыю Багдановіч і Людмілу Судзілоўскую з Гомеля, якія раздавалі жыхарам райцэнтру газеты "Народная воля" і "Товарищ". Затрыманне міліцыянты патлумачылі тым, што не ведаюць такіх выданняў. Праз пэўны час распаўсюдніц адпусцілі.