Папраўкі ў Крымінальны Кодэкс пайшлі ў ход.
Як паведамілі Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сваякі затрыманага 21 лютага супрацоўнікамі КГБ грамадзкага актывіста Цімафея Дранчука, зараз ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ, так званай “амерыканцы”. Ц.Дранцук затрыманы на трое сутак па падозраньні ў зьдзяйсьненьні “злачынства”, прадугледжанага часткай 2 артыкула 193 Крымінальнага Кодэксу РБ (арганізацыя альбо кіраваньне грамадзкім аб’яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якія пасягаюць на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў). Дадзеная частка артыкула 193 прадугледвае пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам да 6 месяцаў ці пазбаўленьня волі тэрмінам да 3-х гадоў і дазваляе ўтрымліваць арыштаванага пад вартаю да суда.
Такім чынам, у Беларусі распачата практыка выкарыстаньня артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія былі ўключаныя ў яго пры канцы мінулага году ў адпаведнасьці з законапраектам, распрацаваным у КГБ.
Затрыманыя грамадзкія актывісты Аляксандр Шалайкі і Мікола Астрэйка, магчыма, таксама знаходзяцца ў ізалятары КГБ і ім, верагодна, таксама будуць прад’яўленыя абвінавачваньні па новых артыкулах крымінальнага кодэксу.
Хваля арыштаў, верагодна, ёсьць пацьверджаньнем словаў старшыні КГБ Сухарэнкі пад час прыняцьця правак у крымінальны кодэкс, калі ён казаў пра тое, што дадзеныя зьмены ў кодэкс прыймаюцца пад канкрэтных асобаў.
Інфармацыйны аддзел Праваабарончага цэнтру “Вясна”