Сябры моладзевых рухаў паведамляюць, што адчуваюць моцны ціск з боку ўладаў
У Жодзіне, Барысаве, Ваўкавыску, Салігорску і іншых гарадах амаль штодня выклікаюць актывістаў моладзевых арганізацый на размову, пагражаюць іх бацькам звальненьнямі з працы. На кватэрах адбываюцца ператрусы. Але актывісты рухаў выказваюцца, што ставяцца да гэтага спакойна, бо ўпэўненыя, што ўсе факты сьведчаць пра набліжэньне пераменаў у грамадзтве.
У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца пяцёра прадстаўнікоў моладзевых незарэгістраваных арганізацый. Актывісты "Маладога фронту" Павал Фігурын, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі адбываюць 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі Салідарнасьці 16 лютага. Алег Мяцеліца і Яўген Афнагель з руху "Зубр" па 15 сутак, але апошняга затрымалі за тры дні да акцыі. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Гэты артыкул Адміністрацыйнага кодэксу ўжывалі супраць "маладафронтаўцаў" напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер сытуацыя паўтарылася. Адзін з актывістаў "Маладога фронту" выказаў агульную думку: "Улады хочуць паказаць, што гэта стада баранаў, адмарозкаў, п’яніц, наркаманаў, што ўсе ўдзельнікі гэтых акцый "абколатыя" хуліганы, якім заплацілі грошы заходнія спэцслужбы".
Актывісты "Маладога Фронту" Артур Фінькевіч і Зьміцер Касьпяровіч знаходзяцца за кратамі сьледчага ізалятара. Абодвух абвінавацілі ў хуліганстве - Артура за надпіс на плоце: "Мы хочам новага", а Зьмітра за тое, што зьняў з даху Менгарвыканкаму дзяржаўны сьцяг. Крымінальную справу супраць Касьпяровіча перадалі ў суд Маскоўскага раёну, ён адчувае сябе кепска, і маці Зьмітра вельмі непакоіцца за стан здароўя свайго сына.
Маці Яўгена Афнагеля таксама перадала лекі свайму сыну ў спэцпрыёмнік. У Яўгена абвастрэньне радыкуліту.
Некалькі сяброў моладзевых рухаў знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд. Павал Красоўскі, лідэр жодзінскай філіі Маладога Фронту і кіраўнік штаба Мілінкевіча, абвінавачваецца ў абразе службовай асобы. Сябры "Зубру" з Барысава Аляксандр Казакоў і Зьміцер Зубро, а таксама маладафронтавец Аляксей Янушэўскі за графіці палітычнага зьместу. Крымінальная справа, заведзеная пракуратурай Цэнтральнаго раёну Мінску супраць «зуброўцаў» Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубро па арт. 363 КК РБ (супраціў работніку міліцыі альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак) быдзе разгледжаная ў судзе 23 лютага.